Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only  |   NASB in Facebook NASB in Vkontakte NASB in Twitter NASB in Instagram NASB in Youtube NASB in LinkedIn NASB in SlideShare rss Mail 
   
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus
Republican Center for Technology Transfer

Scientists of Belarus In memory of NASB Corresponding Member Gennady Vasilyevich Rimsky

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: In memory of NASB Corresponding Member Gennady Vasilyevich Rimsky

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF PHYSICAL-ENGINEERING SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 4, 2000 (pp. 144--146)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Памяці члена-карэспандэнта НАН Беларусі Генадзя Васільевіча Рымскага
In memory of the Corresponding Member of the NAS of Belarus Gennady Vasilyevich Rimsky

23 жніуня 2000 г. на 64-м годзе жыцця пасля працяглай і невылечнай хваробы памер выдатны вучоны і педагог, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, начальнік аддзела тэхнічных навук Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь і адначасова загадчык лабараторыі сістэм аўтаматычнага кіравання Інстытута тэхнічнай кібернетыкі НАН Беларусі Генадзь Васільевіч Рымскі.

Не стала багатага душой чалавека шматграннай адоранасці, які змог праявіць сябе не толькі у галіне тэхнічных навук, але і ў гуманітарнай сферы, пакінуўшы значныя набыткі ў паэзіі і перакладзе твораў беларускіх паэтаў на рускую мову ў дадатак да навуковых манаграфій, шматлікіх артыкулаў, вынаходстваў, падрыхтаваных спецыялістаў і навукоўцау вышэйшай кваліфікацыі.

Г.В. Рымскі рускі па паходжанні, беларус па складу характара, адданасці і любові да беларускай зямлі і яе народа. Ён нарадзіўся 19 верасня 1936 г. у Сталінградзе ў сям'і інжынера трактарнага завода і настаўніцы рускай мовы і літаратуры. У 1942 г. сям'я Рымскіх з двума дзецьмі эвакуіравалася ў Свярдлоўск, дзе бацьу прызначылі галоўным інжынерам абароннага завода, што выпускаў танкі Т-34, а ў 1946 г пераехала ў Беларусь у сувязі з накіраваннем бацькі намеснікам галоўнага тэхнолага (пазней начальніка вытворчасці) МТЗ. Пасля абароны дысертацыі бацька працаваў дацэнтам БІМСГ -- адсюль пачатак дынастыі беларускіх вучоных Рымскіх, бо і дзеці Генадзя Васільевіча таксама сталі навукоўцамі.

Г.В. Рымскі пасля заканчэння мінскай СШ №11 з сярэбраным медалём стаў курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага радыётэхнічнага вучылішча (г. Гатчына). У вучылішчы пачаў займацца навуковай працай. Атрымаў званне інжынера-лейтэнанта і пачаў службу ў штабе Ленінградскай ваенна-марской акругі ў якасці інжынера. У гэты перыяд адбывалася буйное скарачэнне савецкіх узброеных сіл, таму Генадзь Васільевіч з 1960 г. стаў працаваць у Акадэміі навук. Беларусі: Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі старшым інжынерам-канструктарам, галоўным інжынерам лабораторыі, з 1965 г. у створаным Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі. У гэтыя гады ён адным з першых у СССР распрацоўваў аўтаматычныя прылады распазнавання і ўводу ў ЭВМ графічнай інфармацыі складанай формы, якія былі ўкаранёны ва ўстановах і прадпрыемствах некалькіх саюзных міністэрстваў. Самастойна вызначыўся з напрамкам навуковых даследаванняў і ў 1967 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне аўтаматычнага кіравання. Праз два гады яго прызначылі загадчыкам лабараторыі.

У 1969 г. выйшла з друку першая манаграфія "Системы преобразования многоканальной графической информации в электрические сигналы". У 1970 г. Гекадзь Васільевіч перайшоў у Мінскі радыётэхнічны інстытут на пасаду дацэнта. За кароткі прамежак часу, у 1972, 1973, 1978 гт., публікуе чарговыя манаграфіі, прычым апошняя з іх пад назваю "Автоматизация исследований динамических систем" у тым жа годзе была выдадзена ў ЗША. У 1972--1973 гг. праходзіў навуковую стажыроўку ў Джорджтаўнскім (г. Вашынгтон) і Каліфарнійскім (г. Лос-Анжэлес) універсітэтах. У 1979 г. абраны загадчыкам кафедры, а ў наступным годзе ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы імя М.Э.Баўмана абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Агульная тэорыя каранёвых траекторый і аўтаматызацыя даследаванняў сістэм кіравання на яе аснове".

У 1985 г. Генадзь Васільевіч вярнуўся у Інстытут тэхнічнай кібернетыкі, дзе былі лепшыя ўмовы для навуковай працы і дзе яго абралі загадчыкам лабараторыі. У 1994 г. выдадзена яго грунтоўная манаграфія "Теория систем автоматизированного проектирования: интеллектуальные САПР на базе вычислительных комплексов и сетей". У наступным годзе яму прысуджана прэмія Акадэміі навук Беларусі за цыкл работ "Агульная тэорыя каранёвых траекторый сістэм кіравання і аўтаматызацыя іх праектавання". Апошняя манаграфія "Корневые методы исследования интервальных систем" выйшла ў 1999 г. Усяго Генадзь Васільевіч апублікаваў каля 300 навуковых прац, сярод якіх 31 аўтарскае пасведчанне на вынаходствы новых прылад і сістэм. На некаторыя з іх былі выдадзены патэнты найбольш развітых краін свету: ЗША, Англіі, Францыі, Італіі, Японіі, ГДР, Чэхаславакіі і інш.

Яго навуковыя працы прысвечаны тэорыі каранёвых траекторый сістэм аўтаматычнага кіравання (САК), метадам і сродкам аўтаматызацыі праектавання сістэм кіравання робататэхнічных комплексаў і гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцей. Яму ўдалося распрацаваць асновы агульнай тэорыі каранёвых траекторый сістэм з вар'іруемымі па зададзеных законах параметрамі, каранёвыя метады даследавання дынамікі САК, інтэрвальных сістэм, метады аўтаматызаванага праектавання дынамічных сістэм. Прапанаваныя ім САПР адрозніваюцца гібкімі тэхналогіямі праектавання, высокім узроўнем інтэлектуалізацыі. Атрыманыя навуковыя вынікі знайшлі практычнае выкарыстанне на прадпрыемствах Беларусі і Расіі.

У 1994 г. Г.В.Рымскі ўзначаліў адцзел тэхнічных навук Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі, дзе з яго ўдзелам былі распрацаваны важнейшыя нарматыўныя дакументы па атэстацыі навуковых і педагагічных кадраў і ўкаранёны камп'ютэрныя інфармацыйныя тэхналогіі. Шмат намаганняў прыкладзена ім для стварэння аддзела тэхнічных навук ВАК, сеткі экспертных саветаў па тэхнічных і сельскагаспадарчых навуках. Ён быў зацверджаны членам калегіі Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі. Генадзь Васільевіч уваходзіў у склад саветаў па абароне дысертацый пры ІТК НАН Беларусі і Беларускім дзяржуніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Адначасова Генадзь Васільевіч працягваў навуковую і педагагічную дзейнасць як загадчык лабараторыі ІТК. НАН Беларусі і прафесар БДУІР. Ен стварыў уласную навуковую школу, падрыхтаваўшы 1 доктара і 17 кандьщатаў навук. Сотні выпускнікоў БДУІР маюць дыпломы з яго подпісам як патрабавальнага і добразычлівага старшыні Джяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. З 1996 г. -- член-карэспандэнт НАН Беларусі па спецыяльнасці "Тэхнічная кібернетыка". Акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі, Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі і яшчэ некалькіх міжнародных навуковых таварыстваў.

Многія гады ён быў членам рэдкалегій часопісаў "Весці НАН Беларусі" (серыя фізіка-тэхнічных навук) і "Атэстацыя", дзе часта з'яўляліся яго навукова-тэарэтычныя і інфармацыйна-аналітычныя артыкулы.

За заслугі ў развіцці грамадства ён быў прызнаны "Чалавекам года '97", а Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы ўключыў яго ў 1998 г. у лік 2000 выдатных вучоных свету ХХ ст.

У Генадзя Васільевіча вельмі моцны духоўны зарад і захапленне літаратурай яшчэ са школьных гадоў. Паэзіяй пачаў займацца ў ваенным вучылішчы з 1956 г., тады ж стаў перакладаць творы беларускіх паэтаў на рускую мову, бо лічыў, што беларуская паэзія вельмі багатая, мудрая, блізкая да чалавека, у яе сусветны ўзровень, яна ні ў чым не саступае паэзіі іншых народаў. Так кібернетыка, буйныя распрацоўкі па тэорыі аўтаматычнага кіравання і тэорыі аўтаматызаванага праектавання спалучаліся ў яго асобе з паэзіяй і прыгажосцю. Назапасіў вялікую колькасць перакладаў і ўласных твораў. Сістэматычна пачаў друкавацца толькі ў апошнія гады ў газетах і часопісах. У 1998 г. у Маскве выдаў прыгожую кнігу "Белорусская лирика XIX--XX веков в переводах Геннадия Римского" (выдавецтва Літаратурнага інстытута імя М. Горкага), дзе змешчаны творы 59 аўтараў. Па прапанове таго ж выдавецтва сур'ёзна і адказна рыхтаваў анталогію беларускай паэзіі за ўсе часы. Двухтомная анталогія беларускай паэзіі аднаго перакладчыка -- Генадзя Рымскага -- перададзена ў выдавецтва. У ёй прадстаўлены творы каля 200 паэтаў ад Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны, Янкі Лучыны, усе класікі нацыянальнай паэзіі і многія сучасныя паэты, у тым ліку маладыя. Акрамя таго, у выдавецтва "Беларускі кнігазбор" здадзена новая, больш поўная кніга беларускай лірыкі (на рускай мове). У маскоўскім выдавецтве чакае выхаду зборнік уласных вершаў і казак Генадзя Рымскага для дзяцей і юнацтва. Завершаны камп'ютэрны набор яшчэ аднаго зборніка ўласных паэтычных твораў Генадзя Рымскага.

У гэты ж час лабараторыя пад яго кіраўніцтвам паспяхова выконвала заданні Фонда фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, навукова-тэхнічных праграм, асобных праектаў, у тым ліку міжнародных. ?ён з'яўляуся актыўным аўтарам універсальнай 18-томнай Беларускай энцыклапедыі.

Яго майстэрскія пераклады твораў беларускай паэзіі і ўласныя вершы высока ацэнены творчай інтэлігенцыяй Беларусі. Яго кніга "Белорусская лирика" -- прыкметная з'ява ў культурным жыцці двух брацкіх народаў. Яна прыцягнула ўвагу многіх прыхільнікаў паэзіі і знаўцаў беларускай лірыкі ў Расіі і Беларусі. Яна першая за апошнія 12 гадоў прадстаўнічая кніга перакладаў многіх беларускіх паэтаў, выдадзеная ў Маскве.

Генадзь Васільевіч не страціў волі, прысутнасці духу і доўгі час мужна змагаўся з хваробай, працуючы нават падчас стацыянарнага лячэння, праяўляючы да апошніх дзён здзіўляльную сілу духу, ясны розум. Ён спяшаўся здзейсніць задуманае. І многае паспеў зрабіць, напісаць, сфармуляваць. Яго жыццё ў гэты перыяд і зробленае ім -- сапраўдны грамадзянскі і творчы подзвіг. Бо як інакш назваць тытанічную працу над вышэйпералічаным, падрыхтоўкай новых навуковых публікацый і дакладаў, прадмовай да зборніка празаіка і паэта Міхаіла Расолава "Ромашки луговые" (Мн. 2000), вялікі ўклад у культурную скарбніцу беларускага і рускага народаў?

Ці ж не служыць гэта яркім прыкладам паважлівых сыноўскіх адносін да культуры і мовы таго народа, на зямлі якога жывем? Генадзь Васільевіч быў перакананы, што паэзія ўзбагачае чалавека духоўна і без яе ён не дасягнуў бы ў навуцы вышэйзгаданых вяршынь. Нездарма ж вядомыя беларускія пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Сяргей Грахоўскі, Васіль 3уёнак, Валянціна Аколава, Міхась Кенька рэкамендавалі яго ў члены Саюза беларускіх пісьменнікаў, і Генадзь Рымскі быў прыняты туды.

Светлая памяць пра вучонага, педагога, арыгінальнага, самабытнага перакладчыка і паэта, чалавека разнастайных здольнасцей, мужнага, інтэлігентнага і сціплага, назаўсёды захаваецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, чытаў і слухаў яго творы.

Аддзяленне фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі, Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі, Інстытут тэхнічнай кібернетыкі НАН Беларусі, Рэдкалегія

Journal

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 5, 2001
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2001 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2000 The Belaruskaya Navuka Publishing House