Bel   ·  Eng   ·  Rus  |    Text only  |   NASB in Facebook NASB in Vkontakte NASB in Twitter NASB in Instagram NASB in Youtube NASB in LinkedIn NASB in SlideShare rss Mail 
   
The Official Internet Portal of the President of the Republic of Belarus
The Official Internet Site of the Council of Ministers of the Republic of Belarus
List of Administrative Procedures Carried out by NAS of Belarus and its Organizations
The national legal Internet portal of the Republic of Belarus
The Academy of Public Administration under the aegis of the President of the Republic of Belarus
Internet portal Youth of Belarus
Republican Center for Technology Transfer
Республиканский Центр Трансфера Технологий
Belt and Road Forum for Regional Cooperation and Development

Scientists of Belarus: Alyaxandr Mikalaevich Bulyka (To the 75th anniversary)

Homepage / Publications / Scientific Journals

Scientists of Belarus: Alyaxandr Mikalaevich Bulyka (To the 75th anniversary)

Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 2, 2010 (pp. 114--117)

Journal

SCIENTISTS OF BELARUS

Palyashchuk N.V., Yarmolenka E.V.
Alyaxandr Mikalaevich Bulyka (To the 75th anniversary).
Паляшчук Н.В., Ярмоленка Э.В.
Аляксандр Мікалаевіч Булыка (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

A.M.Bulyka Аляксандр Мікалаевіч Булыка, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, адносіцца да ліку вучоных знакамітых і руплівых, якія сваімі навуковымі пошукамі і дасягненнямі садзейнічаюць прэстыжу аўтарытэту і развіццю айчыннай навукі.

Нарадзіўся А.М. Булыка 18 сакавіка 1935 г. у вёсцы Селішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Пачатковую адукацыю атрымаў у Селішчанскай пачатковай школе, затым вучыўся ў Мольніцкай сямігодцы, у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. 3 1954 г. з'яўляўся студэнтам аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На працягу 1959-1962 гг. настаўнічаў у Асоўскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, быў завучам у Воранаўскай школе-інтэрнаце.

У 1962 г. А.М. Булыка паступіў у вочную аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства. 1 снежня 1965 г. - пасля заканчэння аспірантуры - быў прыняты на працу ў інстытут. Ён займаў пасады малодшага навуковага супрацоўніка (з 1965 г.), старшага навуковага супрацоўніка (з 1969 г.), загадчыка аддзела руска-беларускіх моўных сувязей (з 1984 г.). У 1992 г. Аляксандр Мікалаевіч узначаліў аддзел гісторыі беларускай мовы, з 2008 г. ён з'яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам гэтага аддзела.

Асноўнае месца ў коле навуковых інтарэсаў А.М. Булыкі заўсёды займала і займае праблематыка даследавання гісторыі беларускай мовы. Манаграфіі, артыкулы, гісторыка-этымалагічныя нататкі, энцыклапедычныя артыкулы вучонага прысвечаны, напрыклад, станаўленню графіка-арфаграфічнай сістэмы і марфалагічнага ладу старабеларускай мовы, фарміраванню яе лексічнага складу і асвятленню ролі слоў іншамоўнага паходжання ў гэтым працэсе, моўным асаблівасцям "Вісліцкага статута", "Літоўскай метрыкі", "Статута Вялікага княства Літоўскага", "Троі", "Трыбунала".

Старабеларуская арфаграфічная сістэма стала аб'ектам апісання ў манаграфіі А.М. Булыкі "Развіццё арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы" (1970 г.; у 1966 г. па гэтай тэме пад кіраўніцтвам А. К. Антановіча ім была паспяхова абаронена кандыдацкая дысертацыя). Даследчык выявіў ступень пашырэння ў помніках пісьменства розных жанраў традыцыйных і новых арфаграфічных нормаў, вызначыў шляхі эвалюцыі старабеларускай арфаграфіі, фактары, якія ўздзейнічалі на яе (паскаралі або запавольвалі працэсы развіцця), разгледзеў функцыянальную ролю літар і арфаграфічнае значэнне старажытных палеаграфічных прыёмаў (вынасных літар, надрадковых знакаў). А.М. Булыка адзначыў, што "матэрыялы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў бясспрэчна даказваюць, што пры ацэнцы старабеларускага правапісу нельга падыходзіць да яго як да нечага хаатычнага, бессістэмнага, пазбаўленага акрэсленых правіл і заканамернасцей. Падрабязны аналіз важнейшых старабеларускіх пісьмовых крыніц розных жанраў дазваляе бачыць у старажытным беларускім правапісе цэласную сістэму, якая мела свае пэўныя нормы і заканамернасці і грунтавалася пры напісанні тых ці іншых слоў на пэўных прынцыпах".

А.М. Булыка распрацоўваў шэраг пытанняў гісторыі марфалагічнага ладу беларускай мовы. У калектыўнай манаграфіі "Гістарычная марфалогія беларускай мовы" (Мінск, 1979) ім напісаны раздзелы "Назоўнік", "Займеннік", "Прыметнік". Атрыманыя звесткі па тэме "Назоўнік" былі ўдакладнены і пашыраны аўтарам - за кошт прыцягнення да аналізу новых пісьмовых помнікаў - у кнізе "Мова беларускай пісьменнасці XIV-XVIII стст." (1988, у сааўтарстве).

Важным набыткам беларусістыкі сталі даследаванні А.М. Булыкі, у якіх раскрываюцца розныя аспекты лексічнага складу старабеларускай мовы. Наибольшую значнасць для айчыннага мовазнаўства маюць яго работы па вывучэнні запазычанай лексікі.

У манаграфіі "Даўнія лексічныя запазычанні беларускай мовы" (1972) упершыню ў айчынным мовазнаўстве праведзена лексікаграфічная апрацоўка старабеларускага іншамоўнага матэрыялу - каля 4000 адзінак. Аўтар даў семантычную характарыстыку запазычаных лексем, выявіў магчымую моўную крыніцу, указаў час іх фіксацыі ў пісьмовых тэкстах, раскрыў словаўтваральную здольнасць. Ва уступе да выдання А.М. Булыка адзначыў, што наибольшую ўдзельную вагу ў слоўніку складаюць лексемы, якія траплялі ў беларускую мову з заходніх (славянскіх і неславянскіх) моў, у меншай колькасці прадстаўлены літуанізмы і цюркізмы; ступень пранікнення названых лексічных адзінак у старабеларускія пісьмовыя помнікі ён звязвае з экстралінгвістычнымі фактарамі. Звярнуў увагу даследчык і на некаторыя складанасці, якія ўзнікаюць пры вывучэнні запазычанняў, у прыватнасці, паланізмаў (самага ёмістага разраду запазычанняў): "У многіх звёнах паміж польскім і беларускім слоўнікавым саставам назіраецца такая выключная блізкасць у семантычных і словаўтваральных адносінах, - піша аўтар, - што нярэдка немагчыма з поўнай катэгарычнасцю сцвярджаць, сваё перад намі слова ці польскае".

Пазней, у 1980 г., убачыла свет манаграфія А.М. Булыкі "Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV-XVIII стст." (яна папярэднічала абароне доктарскай дысертацыі), у якой працягвалася правядзенне даследавання ў кірунку, вызначаным у папярэднім выданні. Аўтар даў усебаковы агляд усіх выяўленых у мове беларускай пісьменнасці XIV-XVIII стст. лексічных запазычанняў, класіфікаваў іх па адносінах да матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, раскрыў семантыку, устанавіў шляхі пранікнення іншамоўнай лексікі ў беларускую мову, разгледзеў фанетычную, марфалагічную і семантычную адаптацыю запазычанняў у старабеларускай мове і іх словаўтваральную актыўнасць. Так, у прыватнасці, ён заўважыў, што іншамоўныя словаўтваральныя элементы не праніклі глыбока ў старабеларускую лексічную сістэму заўсёды перавагу мелі ўласныя словаўтваральныя сродкі.

Грунтоўныя тэарэтычныя звесткі і важкую практычную значнасць і сёння маюць яго даследаванні "Старажытнаруская лексіка як аснова старабеларускай лексічнай сістэмы", "Грамадскапалітычная лексіка" (раздзелы ў калектыўнай манаграфіі "Гістарычная лексікалогія беларускай мовы" (1970), "3 моў блізкіх і далёкіх" (1986), артыкулы "Батанічная лексіка грэка-лацінскага паходжання ў старабеларускай мове" (1976), "Западные заимствования из сферы религиозной жизни в старобелорусском языке" (1981), "Иноязычная лексика в историческом словаре белорусского языка" (1985), "Літуанізмы ў слоўнікавым саставе старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы" (2001), "Лексіка нашых продкаў" (2003), "Лексіка дзелавой пісьменннасці Палесся XV-XVII стст." (2004), "Лексічныя паланізмы ў старабеларускай літаратурна-пісьмовай мове ранняга перыяду" (2006), "Лексіка літоўскага паходжання як крыніца ўзбагачэння "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы" (2007) і інш.

Значную ўвагу надае Аляксандр Мікалаевіч вывучэнню моўнай спадчыны Францыска Скарыны. Розныя аспекты мовы твораў беларускага першадрукара аналізаваліся ім у манаграфіі "Мова выданняў Францыска Скарыны" (1990, у сааўтарстве), артыкулах "Лексіка выданняў Францыска Скарыны як крыніца "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы" (2008), "Спрадвечна беларуская лексіка ў выданнях Ф. Скарыны" (2009) і інш. У кнізе "Скарына і яго эпоха" (1990, у сааўтарстве) Аляксандр Мікалаевіч зрабіў агляд развіцця беларускай мовы з канца XV ст. да пачатку XVI ст. Вялікая работа была праведзена вучоным пры падрыхтоўцы энцыклапедыі "Францыск Скарына і яго час" (1988).

Аляксандр Мікалаевіч - рэдактар і сааўтар фундаментальнага "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы", у якім адлюстраваны лексічны склад старабеларускай пісьменнасці, прадстаўленай арыгінальнымі і перакладнымі канцылярска-юрыдычнымі, свецка-мастацкімі, рэлігійнымі, публіцыстычнымі, навуковымі, палемічнымі творамі. Ён адрэдагаваў 36 выпускаў слоўніка з якіх 29 ужо апублікаваны. Слоўнікавыя артыкулы вучонага змешчаны ў болышасці выдадзеных выпускаў, калі дакладна - у 1-м, 9-м, 14-29-м. Сумесна з супрацоўнікамі аддзела гісторыі беларускай мовы інстытута ён рыхтуе першы ў айчынным дыяхранічным мовазнаўстве "Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі" - слоўнік назоўнікаў, зафіксаваных на старонках юрыдычных дакументаў, статутаў, летапісаў, хронік, воінскіх і рыцарскіх раманаў і аповесцей, мемуарных, публіцыстычных і рэлігійных тэкстаў XIV-XVIII стст. Гэтыя лексікаграфічныя даведнікі арыентаваны на шырокае кола знаўцаў і аматараў мінуўшчыны, прызначаны палегчыць працу даследчыкаў са старажытнымі помнікамі як першакрыніцамі пазнання шматвяковай гісторыі беларускага народа, садзейнічаюць нашаму далучэнню да той гістарычнай рэальнасці, нашчадкамі якой мы з'яўляемся.

Вывады і матэрыялы гісторыка-лінгвістычных даследаванняў А.М. Булыкі шырока выкарыстоўваюцца ў рашэнні агульных пытанняў эвалюцыі беларускай мовы; маюць значэнне пры аналізе стану і перспектыў далейшага развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы; яны запатрабаваны пры чытанні курсаў па гісторыі беларускай літаратурнай мовы, гістарычнай граматыцы беларускай мовы, правядзенні спецкурсаў і спецсемінараў, пры напісанні курсавых і дыпломных работ, у распрацоўцы вучэбных дапаможнікаў, практыкумаў, праграм.

3 прозвішчам прафесара А.М. Булыкі звязаны здабыткі сучаснай беларускай лексікаграфіі. А.М. Булыка - аўтар першых слоўнікаў іншамоўных слоў у сучаснай беларускай мове. Так, "Слоўнік іншамоўных слоў" (1993) уключае ў свой склад прыблізна 5600 запазычанняў і, як адзначыў у прадмове аўтар, арыентаваны на выкарыстанне ў школьнай практыцы. У "Слоўніку іншамоўных слоў" (у 2 т., 1999) прадстаўлена ўжо каля 25000 агульнаўжывальных лексем і найболып пашыраных тэрмінаў з розных галін ведаў, запазычаных з іншых моў ці ўтвораных з іншамоўных лексічных элементаў Кожнае слова мае тлумачэнне і суправаджаецца даведкай аб сваім паходжанні: прыводзіцца іншамоўная першакрыніца, нярэдка - пры наяўнасці дастатковых аргументаў - і звесткі аб мовах-пасрэдніцах.

А.М. Булыкам падрыхтаваны шэраг слоўнікаў: арфаграфічныя - "Арфаграфічны слоўнік" (2000), "Современный орфографический словарь русского языка" (2004), "Орфографический словарь с правилами русского языка" (2008, у сааўтарстве) і інш., тлумачалъныя - "Слоўнік іншамоўных слоў" (1993), "Слоўнік іншамоўных слоў" (у 2 т., 1999), "Большой словарь иноязычных слов" (2004), "Слоўнік іншамоўных слоў Актуальная лексіка" (2005), "Словарь иноязычных слов. Актуальная лексика" (2006), "Толковый словарь русского языка" (2008), "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (2009) і інш.; перакладныя - "Беларуска-рускі слоўнік" (2002), "Белорусско-русский, русско-белорусский словарь" (2005, у сааўтарстве), "Большой универсальный белорусско-русский, русско-белорусский словарь" (2006, у сааўтарстве), "Современный русско-белорусский политехнический словарь" (2007) і інш.; фразеалагічны - "Фразеологический словарь русского языка" (2007). Нельга не адзначыць запатрабаванасць гэтых выданняў, якія сталі надзейнымі даведнікамі пры вывучэнні беларускай і рускай моў, пры перакладзе тэкстаў з беларускай мовы на рускую і наадварот, з'яўляюцца агульнадаступным дапаможнікам па ўдасканаленні і павышэнні моўнай і маўленчай культуры іх карыстальнікаў, што вельмі важна ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму ў Беларусі.

Аляксандр Мікалаевіч мае звыш 20 слоўнікаў па беларускай і рускай мовах і па праву лічыцца самым вядомым і аўтарытэтным лексікографам Беларусі.

Разнастайныя надзённыя пытанні функцыянавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы асветлены А.М. Булыкам у кнігах "Сопоставительное описание русского и белорусского языков: Морфология" (у сааўтарстве, 1990); "Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі" (у сааўтарстве, 1999), "Красамоўства ў Беларусі" (у сааўтарстве, 2002) "Кароткая граматыка беларускай мовы" (у сааўтарстве, 2007) і інш.

Аляксандр Мікалаевіч - аўтар звыш 300 навуковых прац, для якіх уласціва актуальнасць узнятых пытанняў, глыбіня і паслядоўнасць аналізу, важкасць і абгрунтаванасць высноў. Пад яго рэдакцыяй апублікавана болып за 30 манаграфій, калектыўных прац, зборнікаў. Артыкулы вучонага надрукаваны ў энцыклапедыі "Беларуская мова" (за ўдзел у падрыхтоўцы гэтай кнігі вучоны атрымаў у 1998 г. Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь), "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі", "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", "Беларускай энцыклапедыі".

З'яўляючыся старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, Аляксандр Мікалаевіч кіруе работай па распрацоўцы, сістэматызацыі і ўкараненні ў практыку (друк, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, даведачная літаратура) навуковай і навукова-тэхічнай тэрміналогіі на беларускай і рускай мовах у розных галінах навукі, тэхнікі, культуры і народнай гаспадаркі.

Актыўную навуковую дзейнасць А.М. Булыка спалучае з грамадскай работай. Ён уваходзіць у склад вучонага савета Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, Савета па абароне дысертацый пры інстытуце (намеснік старшыні), навукова-метадычнага семінара "Тэарэтычныя праблемы беларускага мовазнаўства", Міжнароднага камітэта славістаў, рэдкалегій часопісаў "Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук" і "Беларуская лінгвістыка", быў членам экспертнага савета ВАКа, членам экспертнага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і інш.

Прафесар А.М. Булыка на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з вядучымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны - Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, чытае лекцыі, узначальвае дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі, кіруе напісаннем дыпломных і курсавых праектаў За пленную педагагічную дзейнасць атрымаў званне "Выдатнік адукацыі" ў 2009 г.

Аляксандр Мікалаевіч шчодра дзеліцца сваімі ведамі, дапамагае ў навуковых пошуках сваім паслядоўнікам. Болып за 20 вучняў вучонага сталі кандыдатамі і дактарамі навук, прафесарамі і дацэнтамі, вядуць даследчыцкую работу амаль ва ўсіх універсітэтах Рэспублікі Беларусь. Вучнямі Аляксандра Мікалаевіча лічаць сябе і тыя вучоныя, чые дысертацыі ён апаніраваў

У калектыве Інстытута мовы і літаратуры Аляксандр Мікалаевіч карыстаецца павагай і аўтарытэтам (а працуе ён тут амаль 45 гадоў!). Калегі паважаюць яго за прыстойнасць, прынцыповасць, дасведчанасць, прафесіяналізм, добразычлівасць. I заўсёды адзначаюць вялікае, узорнае працалюбства Аляксандра Мікалаевіча, яго руплівасць на ніве мовазнаўства і беларусістыкі, клопат пра родную мову, якую ён адчувае, шануе і бездакорна ведае.

Паважаны Аляксандр Мікалаевіч! Супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Вашы калегі, вучні шчыра жадаюць Вам моцнага здароўя, дабрабыту, жыццёвай энергіі, плену ў працы, здзяйснення задуманага! Навуковая грамадскасць краіны чакае Вашых новых прац, якія ўвойдуць у скарбніцу філалагічнай навукі Беларусі.

Journal Top

Homepage / Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: July 29, 2010
Created with assistance of Mrs. Lyudmila V. Smolentseva
Copyright © 2010 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2010 The Belaruskaya Navuka Publishing House