Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.02.2020

Заснавана Беларуска-германская гістарычная камісія

З 30 студзеня па 1 лютага 2020 г. у Берліне адбылося ўстаноўчае пасяджанне Беларуска-германскай гістарычнай камісіі. У складзе Камісіі 16 гісторыкаў з Беларусі і Германіі. Арганізатарамі Камісіі з’яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Нямецкае таварыства па вывучэнні Усходняй Еўропы.

Камісія была створана па ініцыятыве Федэральнага Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франка-Вальтэра Штайнмаера і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Дзейнасць камісіі фінансуецца са сродкаў Міністэрства замежных спраў Германіі.

Дзейнасць Беларуска-германскай гістарычнай камісіі накіравана на паляпшэнне сумеснага даследавання беларускай і нямецкай гісторыі, яе транснацыянальнага кантэксту і гістарычных узаемадачыненняў паміж Германіяй і Беларуссю. Пры гэтым Камісія разглядае сябе як генератар ініцыятыў і ставіць сваёй мэтай прыцягненне да гэтай працы суб’ектаў акадэмічнай, пазаакадэмічнай і грамадзянскай супольнасці з Беларусі, Германіі, а таксама з іншых дзяржаў. Плануецца правядзенне канферэнцый, летніх школ і конкурсу стыпендый для вучоных.

У рамках устаноўчага пасяджэння адбыліся таксама экскурсія па Нямецкім гістарычным музеі і ўрачысты фуршэт з удзелам Сяргея Андрушкевіча, другога сакратара Пасольства Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, Міхаэля Зіберта, упаўнаважанага па Усходняй Еўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі МЗС ФРГ, Дзяніса Сідарэнкі, пасла Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, Манфрэда Хутэрэра, пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь, Віта Чэчэрэ, упаўнаважанага па знешняй палітыцы ў галіне навукі, адукацыі і даследаванняў, Торстэна Штольцэнберга, спецыяліста МЗС Германіі па вышэйшых навучальных установах, навуцы і даследаваннях.

З пытаннямі па рабоце Камісіі можна звяртацца да спікера, акадэміка-сакратара, доктара гістарычных навук, прафесара А.А. Кавалені (220072, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 66. Тэл/Факс:(017) 284-07-74 humanity@presidium.bas-net.by).

Фота Nora Erdmann