Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.02.2020

Прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа абмеркавалі ў Адміністрацыі Прэзідэнта праблемы лінгвістычнай экспертызы прававых актаў

На базе Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) прайшоў Міжнародны навукова-практычны семінар “Лінгвістычная экспертыза прававых актаў (іх праектаў): пытанні тэорыі і практыкі”, арганізаваны НЦПІ сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У рабоце семінара прынялі ўдзел вучоныя-мовазнаўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі НЦПІ, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і работнікі Сакратарыята Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі ВНУ. З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся намеснік дырэктара НЦПІ Віктар Шаршун і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў.

З дакладам “Лінгвістычны кантроль якасці прававых актаў у Рэспубліцы Беларусь (вопыт навукова-даследчай работы НЦПІ)” выступіла начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Судзілоўская. У рабоце семінара прыняў удзел дырэктар Украінскага моўна-інфармацыйнага фонда Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, доктар тэхнічных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, акадэмік НАНУ Уладзімір Шырокаў. Акадэмік У. Шырокаў выступіў з дакладам “Лінгватэхналагічны падыход да экспертызы закандаўчых актаў”, у якім падзяліўся ўласным досведам па выкарыстанні корпусных тэхналогій у лінгваэкспертнай дзейнасці пры правядзенні логіка-лінгвістычнай і аўтаразнаўчай экспертызы.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Ірына Кандраценя ў сваім выступленні расказала пра актуальныя праблемы ўнармавання юрыдычнай тэрміналогіі.

Па выніках выступленняў адбылася дыскусія, у ходзе якой удзельнікі абмяняліся вопытам па падрыхтоўцы праектаў законаў, абмеркавалі практычныя пытанні экспертызы заканадаўчых актаў на прадмет іх адпаведнасці арфаграфічным, лексічным, граматычным і стылістычным нормам, вызначылі перспектывы супрацоўніцтва.

Фота pravo.by