Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.03.2020

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы праводзіць канферэнцыю «Жыццё і творчая спадчына А.С. Дамбавецкага (да 180-годдзя з дня нараджэння)»

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» сумесна з Упраўленнем культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Установай культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава» праводзяць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Жыццё і творчая спадчына А.С. Дамбавецкага (да 180-годдзя з дня нараджэння)».

У канферэнцыі прымуць удзел больш за 50 вучоных з Беларусі, Расіі і Украіны (сярод іх 17 дактароў навук і 21 кандыдат навук) з вядучых навуковых устаноў гэтых краін. Адкрыццё канферэнцыі адбудзецца ў будынку Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава (плошча Славы, 1, г. Магілёў) у 11:00 13 сакавіка 2020 г.

Гісторык па адукацыі, А.С. Дамбавецкі прыклаў значныя намаганні па вывучэнні, аналізе і абагульненні звестак аб Падняпроўі. Ён стаў арганізатарам стварэння ўнікальнай працы «Вопыт апісання Магілёўскай губерні», якая не мела роўных сабе нават у Санкт-Пецярбургу і Маскве.

Канферэнцыя прысвечана абмеркаванню жыццёвага шляху і творчай спадчыны А.С. Дамбавецкага, праблем эвалюцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларускага Падняпроўя, пытанняў міжэтнічных і міжканфесійных адносін. Удзельнікі канферэнцыі звернуць увагу на тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сучаснай беларускай этналогіі і сумежных з ёй дысцыплін, вызначаць перспектывы рэгіянальных і лакальных даследаванняў у сферы этнічнай культуры.

Праграма канферэнцыі