Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, былому супрацоўніку Інстытута аховы раслін, кандыдату біялагічных навук Валянціне Кірылаўне Неафітавай споўнілася 100 гадоў! З гэтай знамянальнай датай яе павіншавалі старшыня савета ветэранаў НАН Беларусі Мікалай Паўлюкевіч і вучоны сакратар Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі Юрый Канашэнка. Яны пажадалі юбіляру моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Валянціна Кірылаўна Неафітава – спецыяліст па мікалогіі і фітапаталогіі. Упершыню вывучыла мікалагічную флору Мурманскай вобласці, хваробы сельскагаспадарчых, дэкаратыўных і дрэўных раслін, біялогію ўзбуджальнікаў грыбных захворванняў у раслін, а таксама відавы склад грыбной флоры. Даследавала дзеянне фунгіцыдаў і глебавых дэзінфектараў, прычыны захворвання насеннай бульбы «чорнай скурай» у гаспадарках вобласці. Распрацавала меры барацьбы з хваробамі раслін. Кансультавала калгасы і саўгасы вобласці. Узнагароджана медалём «За абарону Ленінграда».
Валянціна Кірылаўна нарадзілася 23 сакавіка 1920 года ў горадзе Пушкіне пад Ленінградам. Яе бацька, Кірыл Аляксандравіч, быў камандзірам Чырвонай Арміі і ўдзельнікам Грамадзянскай вайны, маці, Аляксандра Фёдараўна, – настаўніцай. Калі Валянціне было 10 гадоў, сям’я пераехала ў Ленінград. У горадзе на Няве яна закончыла школу і ў 1938 годзе паступіла на медыка-біялагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучылася і здавала ўсе экзамены на выдатна, за поспехі ў вучобе атрымлівала Сталінскую стыпендыю. У маі 1941 года, пасля экзаменаў за другі курс, праходзіла практыку ў прыгарадзе Ленінграда. Калі пачалася вайна, Валянціна Кірылаўна вярнулася ў горад і адразу накіравалася ў ваенкамат. Яе паставілі на ваенны ўлік, выдалі ваенны білет, але ў Чырвоную Армію не ўзялі, а накіравалі на будаўніцтва абарончых збудаванняў, дзе яна капала акопы і супрацьтанкавыя равы. У снежні 1941 года Валянціну Кірылаўну прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў 50-ы франтавы эвакабатальён 79-га эвакашпіталя лейтэнантам медыцынскай службы. Шпіталь арганізавалі ў межах гарадскога кальца, у будынку школы, для хворых і параненых, салдат-дыстрофікаў. Воінскія часці ў блакадным коле знаходзіліся ў тым жа стане, што і жыхары горада: голад быў бязлітасным да ўсіх… У гады Вялікай Айчыннай вайны бацька Валянціны Кірылаўны загінуў пад Ленінградам, дзе быў у народным апалчэнні, а маці памерла ад голаду. Пасля зняцця блакады Валянціна вярнулася ва ўніверсітэт; з усяго курса біяфака, а гэта дзвесце чалавек, выжылі ўсяго дванаццаць. У 1947 годзе яе адправілі працаваць на «закрытую тэматыку» ў Запаляр’е – за 160 кіламетраў на поўнач ад Палярнага круга. Шмат гадоў Валянціна Кірылаўна ўзначальвала лабараторыі, мае 86 навуковых публікацый у айчынным і замежным друку і 6 аўтарскіх пасведчанняў галіновага дзяржкамітэта СССР. Узнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За абарону Ленінграда», «За доблесную працу ў ВАВ» і многімі другімі.
Фота С. Дубовіка, газета Навука