Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.04.2020

У НАН Беларусі падрыхтавалі першую кнігу з серыі аб Рамсарскіх тэрыторыях Беларусі

У Беларусі выйшла кніга «Балота Дзікае» – першая з серыі аб Рамсарскіх тэрыторыях нашай краіны.

У выданні прадстаўлены арыгінальныя матэрыялы вучоных НАН Беларусі, атрыманыя падчас шматгадовых палявых даследаванняў балотнага масіву і тэрыторый, што прылягаюць да яго. У аснову канцэпцыі серыі пакладзены нацыянальны Рамсарскі спіс з 26 водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне. Балота Дзікае – трэцяе па памеры балота ў Беларусі, адзін з найбольш унікальных аб’ектаў запаведнага фонду краіны, што ўваходзіць у склад Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Яго тэрыторыя важная для птушак і мае міжнароднае значэнне: там гняздуецца 140 відаў, 39% з якіх з міжнародным або нацыянальным статусам аховы.

Кніга падрыхтавана калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй намесніка дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Дзмітрыя Грумо. У ёй прыведзены падрабязныя даныя пра клімат, рэльеф, гідралогію і гідраграфію, стратыграфію тарфянога пакладу, ландшафты прыроднай тэрыторыі пад асаблівай аховай. Дадзена апісанне флоры, фаўны, расліннасці і біятыпаў, складзены спісы рэдкіх і ахоўных відаў раслін і жывёл. Змешчаны звесткі аб гісторыка-культурнай спадчыне, рэкрэацыйным і сацыяльна-эканамічным патэнцыяле раёна размяшчэння прыроднай тэрыторыі пад асаблівай аховай. Выданне ілюстравана арыгінальнымі аўтарскімі і архіўнымі фотаздымкамі, малюнкамі і схемамі. У кнізе «Балота Дзікае» ўпершыню апублікаваны буйнамаштабныя тэматычныя карты: глеб, ландшафтаў, расліннасці, біятопаў, сучаснага стану расліннага покрыва, біялагічных рэсурсаў, дынамікі экасістэм і інш.

Выданне ўяўляе цікавасць для вучоных (біёлагаў, географаў, эколагаў), выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў сярэдніх школ, супрацоўнікаў прыродаахоўных устаноў, краязнаўцаў і ўсіх аматараў прыроды.

Кніга «Балота Дзікае» выйшла пры падтрымцы ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфуртскага заалагічнага таварыства.

Тэгi
#выданні