Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.04.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў галіне касманаўтыкі

10 красавіка 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Стан і асноўныя напрамкі развіцця касмічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы ў галіне касманаўтыкі», прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і каманаўтыкі (12 красавіка).

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Тузікаў Аляксандр Васільевіч, генеральны дырэктар ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», і Страшко Ігар Баляслававіч, намеснік дырэктара УП «Геаінфармацыйныя сістэмы».

Аляксандр Тузікаў расказаў пра дасягненні беларускіх вучоных у галіне касмічных даследаванняў і планы па ўдзеле ў новых праграмах. Так, у 2020 годзе пачынаецца рэалізацыя праграмы «Інтэрпрэтацыя», вядзецца работа па ўзгадненні другіх сумесных з Расійскай Федэрацыяй праграм (адна з іх – «Комплекс-СД» – знаходзіцца цяпер на зацвярджэнні), праводзіцца работа ў рамках Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў «Інфарматыка, космас і бяспека», «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» (падпраграма «Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах») на 2016―2020 гады. Аляксандр Тузікаў згадаў таксама падпісанае ў 2020 годзе пагадненне з Расіяй, паводле якога Беларусь удзельнічае ў агульным рэсурсе і атрымлівае інфармацыю з расійскіх спадарожнікаў.

Ігар Страшко расказаў пра эфектыўнае выкарыстанне Беларускага касмічнага апарата для рашэння задач нацыянальнай бяспекі, маніторынгу, праектавання, рэканструкцыі і будаўніцтва дарог, вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру, дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы, у праваахоўнай, прыродаахоўнай і другіх сацыяльна-эканамічных сферах Беларусі, а таксама пра ход работ па праектаванні і выпуску другога беларускага касмічнага апарата.

Фота М. Гулякевіч, газета Навука