Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.05.2020

Прадстаўнікі Савета маладых вучоных НАН Беларусі прынялі ўдзел у рабоце Круглага стала па падтрымцы маладых вучоных

28 мая 2020 года на базе Прэс-цэнтра УП «БЕЛТА» адбыўся Круглы стол на тэму «Падтрымка маладых вучоных у Беларусі: стварэнне ўмоў для раскрыцця навуковага патэнцыялу». У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванец, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі, загадчык сектара кааперацыі РНУП «Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі» Ягор Гусакоў і намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі, галоўны спецыяліст аддзела навукова-аналітычнай работы апарата НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі.

Гаворачы аб падтрымцы маладых вучоных, Андрэй Іванец адзначыў: «НАН Беларусі штогадова выдзяляе аспірантам і дактарантам гранты для выканання даследаванняў. У мінулым годзе заснаваны тры новыя прэміі для маладых вучоных. Мы нацэлены сёння не толькі на персанальную падтрымку канкрэтных маладых вучоных, але і на стварэнне маладзёжных лабараторый, творчых калектываў, якія з’яўляліся б кропкамі росту для заахвочвання моладзі і замацавання яе ў навуцы. Арганізаваныя ў НАН кластары па розных напрамках дазваляюць прыцягваць маладых вучоных да рэалізацыі буйных прарыўных міждысцыплінарных праектаў. Надзвычай важна ствараць у Акадэміі навук умовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі».

«Добры паказчык залучанасці маладых вучоных у прарыўныя, перадавыя даследаванні Акадэміі навук – іх удзел у калектывах даследчыкаў, чые распрацоўкі ўвайшлі ў топ-10 лепшых па выніках штогадовага конкурсу. Гэтыя распрацоўкі робяць важкі ўнёсак у сусветную навуку. За апошнія гады амаль у кожным такім паспяховым калектыве былі маладыя вучоныя», – дадаў Станіслаў Юрэцкі.

Ягор Гусакоў расказаў пра работу Акадэміі навук па выяўленні таленавітай моладзі, далучэнні яе да навуковай дзейнасці і падтрымцы на першых кроках. «У школе фарміруюцца ўяўленні пра тое, чым чалавек будзе займацца ў далейшым. І калі ён выбірае навуковую дзейнасць, то адна з задач Савета маладых вучоных НАН – усяляк падтрымліваць гэтую ініцыятыву», – адзначыў ён.