Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.06.2020

Прайшла прэс-канферэнцыя «Праблемы дэградацыі зямель з прычыны кліматычных асаблівасцей рэгіёна і дзейнасці чалавека. Эрозія і спусташэнне глеб як фактар рызыкі харчовай і эканамічнай бяспекі Беларусі»

16 чэрвеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя «Праблемы дэградацыі зямель з прычыны кліматычных асаблівасцей рэгіёна і дзейнасці чалавека. Эрозія і спусташэнне глеб як фактар рызыкі харчовай і эканамічнай бяспекі Беларусі», прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы з апустыньваннем і засухай (17 чэрвеня). У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр Анжанкоў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Мікалай Цыбулька і дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.

Вучоныя інстытутаў НАН Беларусі раскрылі ў выступленнях тэму змянення кліматычных умоў у рэспубліцы і звязаных з гэтым, а таксама з антрапагеннай дзейнасцю змяненняў, што адбываюцца ў глебавым слоі. Дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі расказаў, у прыватнасці, што пры цяперашніх тэмпах пацяплення праз 30 гадоў у Беларусі будуць прынцыпова новыя аграметэаўмовы. «Праблемы дэградацыі і эрозіі глеб трэба разглядаць у кантэксце змянення клімату. Цяпер у Беларусі ў сувязі са змяненнем клімату фарміруюцца новыя аграметэаралагічныя ўмовы, – адзначыў Сяргей Лысенка. – Актыўныя тэмпературы, якія адзначаюцца сёння на паўднёвай мяжы, праз 30 гадоў будуць на мяжы паўночнай». Вучоны лічыць, што прыстасоўвацца да новых умоў можна пры дапамозе мер у лясной і сельскай гаспадарцы, «але ключавым фактарам забеспячэння спрыяльнага аграметэаралагічнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі будзе захаванне і ўтрыманне даступных на рэгіянальным узроўні рэсурсаў вільгаці».

Фота І. Гармель, газета Навука