Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.07.2020

Адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў магістра

10 ліпеня 2020 года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў магістра. Дыпломы атрымалі 73 выпускнікі, якія праходзілі навучанне па 9 навукова-арыентаваных адукацыйных праграмах, што рэалізуюцца ў Інстытуце: археалогія, мастацтвазнаўства, сацыялогія, фізіка, хімія, біялогія, эканоміка, прыкладная матэматыка і інфарматыка, інавацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні.

На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным выпуску, рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Марат Жылінскі зачытаў вітальны зварот Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова, у якім было адзначана, што «абраўшы шлях у навуку, з’яўляючыся творчымі ініцыятыўнымі людзьмі, вы далучаецеся да нацыянальных навуковых школ. Важна апраўдаць той давер і тую падтрымку, якія пастаянна аказвае беларускай навуцы кіраўніцтва краіны».

Неабходна адзначыць, што студэнты і выпускнікі магістратуры ў 2019/2020 вучэбным годзе прынялі ўдзел у штогадовым XXVI Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэнтаў ВНУ, які праводзіўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках конкурсу некалькі навуковых прац магістрантаў і выпускнікоў Інстытута атрымалі высокую ацэнку і былі ўдастоены дыпломаў 1, 2 і 3 катэгорыі.

У сувязі з развіццём і ўдасканаленнем модульнага прынцыпу арганізацыі навучання для падрыхтоўкі магістраў набору 2019 года ў Інстытуце былі распрацаваны новыя вучэбныя планы па 11 спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі ІІ ступені.

Адукацыйны працэс у магістратуры ажыццяўляецца як прафесарска-выкладчыцкім саставам кафедраў Інстытута, так і вядучымі вучонымі і спецыялістамі навуковых акадэмічных арганізацый, акадэмікамі, членамі-карэспандэнтамі.

З мэтай узмацнення практычнай арыентаванасці адукацыйнага працэсу навукова-даследчая работа студэнтаў праводзілася не толькі на базе Інстытута, але і ў навуковых інстытутах і цэнтрах НАН Беларусі. Такім чынам, у Інстытуце на практыцы рэалізуецца прынцып «Адукацыя – праз навуку».

З 2020 года ў Інстытуце адкрыта падрыхтоўка магістраў з завочнай формай атрымання адукацыі па спецыяльнасцях біялогія, эканоміка і інавацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні.

Абарона магістарскіх дысертацый паказала ўменне выпускнікоў абгрунтоўваць праблему і актуальнасць навуковага даследавання, здольнасць да навукова-даследчай дзейнасці. У выніку 83,3% выпускнікоў абаранілі магістарскія дысертацыі на «выдатна» («10» балаў – 48,6%, «9» балаў – 34,7%), а астатнія – на «добра».

Фота М. Гулякевіч, газета Навука