Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.07.2020

Прэс-канферэнцыя «Дасягненні беларускіх вучоных у галіне гуманітарных навук. Укараненне распрацовак у вучэбны працэс»

10 ліпеня 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя «Дасягненні беларускіх вучоных у галіне гуманітарных навук. Укараненне распрацовак у вучэбны працэс».

Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя і дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.

Журналістам быў прадэманстраваны шэраг прац вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі, падрыхтаваных да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вячаслаў Даніловіч расказаў пра завяршэнне сумеснага праекта з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь па выданні «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» – унікальнай фундаментальнай працы ў чатырох тамах, якая не мае аналагаў у краінах СНД і ў якой у нагляднай картаграфічнай форме выкладзена гісторыя Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён, паказана месца беларусаў у супольнасці еўрапейскіх народаў.

У 2017 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа завершана выкананне буйнога нацыянальнага навуковага праекта «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Работа над праектам працягвалася больш за 50 гадоў і патрабавала значных намаганняў па зборы і апрацоўцы вялізнага фактычнага матэрыялу. У выніку было падрыхтавана і выйшла з друку выданне ў 37-мі тамах.

Аляксандр Каваленя выказаў упэўненасць, што ўдасканаленне якасці адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі сацыякультурнымі рэаліямі і з улікам міжнароднага вопыту з’яўляецца комплекснай праблемай, рашэнне якой немагчыма без адпаведных навуковых распрацовак. Дзякуючы творчым намаганням вучоных-гуманітарыяў Акадэміі навук дасягнуты значныя вынікі: так, за 2019 год было апублікавана каля 4 тысяч навуковых прац (амаль 900 з іх – у замежных навуковых выданнях), падрыхтавана і надрукавана 370 кніжных выданняў, у тым ліку 107 манаграфій, 65 даведнікаў і энцыклапедый, 68 зборнікаў навуковых прац.

Фота Ю. Яўмененка, газета Навука