Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.08.2020

Прайшла прэс-канферэнцыя «Сучасная беларуская археалогія: чаму яна важная для айчыннай навукі і чым можа зацікавіць звычайнага чалавека?»

13 жніўня 2020 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя «Сучасная беларуская археалогія: чаму яна важная для айчыннай навукі і чым можа зацікавіць звычайнага чалавека?».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Вадзім Лакіза і старшыня Савета маладых вучоных, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Сяргей Ліневіч.

Вадзім Лакіза адзначыў тэндэнцыю да павелічэння колькасці выдадзеных дазволаў на археалагічныя даследаванні на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу гэта даследаванні ў зонах новабудоўляў. З пачатку гэтага года ўжо выдадзены 154 дазволы. Затым была дадзена больш падрабязная інфармацыя па асобных праектах: у Белавежскай пушчы, Полацку, Бешанковіцкім раёне, Бялынічах і інш.

На тэрыторыі Белавежскай пушчы, напрыклад, будуецца археалагічны музей пад адкрытым небам, які ў перспектыве павінен стаць новым значным турыстычным аб’ектам і будзе ўключаць шэсць музейных комплексаў, якія адлюструюць асаблівасці развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі розных гістарычных перыядаў – ад каменнага веку да Сярэднявечча. «Вучоныя даследавалі тры помнікі археалогіі каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў. Атрыманы вельмі важныя дадзеныя для характарыстыкі матэрыяльнай і духоўнай культуры першабытных людзей, якія засялялі гэтыя землі некалькі тысяч гадоў таму, – адзначыў Вадзім Лакіза. – Сярод іх фрагменты керамікі, каменнай свідраванай сякеры, скіфскі наканечнік стралы. На аснове гэтых матэрыялаў праводзіцца рэканструкцыя артэфактаў, якія ўвойдуць у экспазіцыю археалагічнага музея пад адкрытым небам».

Паводле інфармацыі НПЦ