Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.08.2020

Конкурс 100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2020 годзе конкурсу «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Конкурс праводзіцца з мэтамі: рэалізацыі мер па прыцягненні і замацаванні таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах; стварэння маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэння кадравага складу навуковых арганізацый; забеспячэння пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца маладыя вучоныя, якія працуюць у арганізацыях НАН Беларусі:

- кандыдаты навук ва ўзросце да 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2021 г. (1986 года нараджэння ўключна), якім прысуджана вучоная ступень ва ўзросце да 30 гадоў (згодна з дыпломам кандыдата навук);

- дактары навук ва ўзросце да 45 гадоў па стане на 1 студзеня 2021 г. (1976 года нараджэння ўключна), якім прысуджана вучоная ступень ва ўзросце да 40 гадоў (згодна з дыпломам доктара навук).

Лаўрэаты конкурсу ўключаюцца ў банк дадзеных «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (з выдачай адпаведнага сертыфіката) і ў рэзерв кіруючых кадраў НАН Беларусі. Акрамя таго, у перыяд знаходжання ў банку дадзеных яны атрымліваюць штогадовы грант на ўдзел у міжнародным навуковым, навукова-арганізацыйным або навукова-практычным мерапрыемстве (канферэнцыі, сімпозіумы, навуковыя школы, кароткатэрміновыя стажыроўкі і інш.).

З патрабаваннямі да ўдзельнікаў і ўмовамі конкурсу можна пазнаёміцца ў Палажэнні аб конкурсе «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»

Удзельнікам конкурсу неабходна зарэгістравацца, запоўніўшы анкету на сайце Акадэміі навук. Па пытаннях запаўнення анкеты звяртацца па тэл. 284-28-26.

Удзельнікі конкурсу таксама накіроўваюць камплект дакументаў, указаны ў пункце 5 Палажэння, да 30 кастрычніка 2020 года ў конкурсныя камісіі пры аддзяленнях НАН Беларусі з улікам галіны (напрамку) навуковай дзейнасці ўдзельніка на адрас: 220072, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 66.