Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.09.2020

Адбылася прэзентацыя выдання «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі: каталог»

3 верасня 2020 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшла прэзентацыя адметнага ў беларускім мовазнаўстве выдання «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі: каталог».

Кніга падрыхтавана ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адным з вядучых спецыялістаў у галіне даследавання пісьменства і культуры беларускіх татар, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела славістыкі і тэорыі мовы, кандыдатам філалагічных навук, Міхаілам Тарэлкам.

Выданне – вынік шматгадовай карпатлівай працы па зборы, сістэматызацыі і навуковым асэнсаванні рукапісаў беларускіх татар, што складаліся на працягу ХVІІ – ХХІ стст. Кніга змяшчае напісаныя на арабскай, цюркскіх, беларускай і польскай мовах тэксты рознай жанравай прыналежнасці больш як з двухсот беларуска-татарскіх рукапісаў, якія знаходзіліся не ў дзяржаўных кнігасховішчах Беларусі і іншых краін, а захоўваліся ў прыватных зборах.

Рукапісы былі адшуканы падчас навуковых экспедыцый 2010–2018 гг. Былі зроблены іх электронныя копіі, на падставе якіх у дадзеным выданні апісваюцца дваццаць восем найбольш каштоўных дакументаў: два тафсіры (тлумачэнні Карана і каментарыі да яго), пятнаццаць кітабаў (сярод якіх сустракаюцца апісанні мусульманскіх рытуалаў і асноўных абавязкаў, цытаты з Карана і выказванні прарока Мухамеда, усходнія казкі, рэлігійныя легенды і апавяданні), дзесяць хамаілаў (у асноўным тэксты малітваў, а таксама парады па лячэнні хвароб і апісанні значэнняў сноў) і рукапіс пад умоўнай назвай «Асновы веры».

У гэтых тэкстах адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі, рэлігійныя ўяўленні татар-перасяленцаў, таму яны з’яўляюцца ўнікальным складнікам культурнай спадчыны Беларусі, каштоўным матэрыялам даследавання для арыенталістаў, мовазнаўцаў, культуролагаў і тэолагаў.

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа