Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.10.2020

Адбылося выязное прэс-мерапрыемства «Навука – эканоміцы. Новыя распрацоўкі НАН Беларусі»

15 кастрычніка 2020 года НАН Беларусі і Нацыянальны Прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь правялі выязное прэс-мерапрыемства «Навука – эканоміцы. Новыя распрацоўкі НАН Беларусі».

Пра навукова-інавацыйную і выставачную дзейнасць арганізацый НАН Беларусі расказалі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец і дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў.

На пастаяннай выставе «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» журналісты азнаёміліся з распрацоўкамі вучоных Акадэміі навук, сярод якіх: магутныя лазерныя сістэмы і аптычнае абсталяванне для аэракасмічных тэхналогій, медыцыны і сельскай гаспадаркі; беларускія крэмніевыя тэхналогіі; інавацыйныя сістэмы ачысткі вады; найноўшыя святладыёды з зададзенымі спектральнымі характарыстыкамі (разумнае святло); новыя прадукты харчавання функцыянальнага прызначэння; біячып для вывучэння функцый галаўнога мозга і інш.

Пра новыя распрацоўкі расказалі дырэктар Інстытута фізікі Максім Багдановіч, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «ЦСОТ НАН Беларусі» Юрый Трафімаў, першы намеснік дырэктара Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А.У. Романа Вадзім Савіч, намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Алена Маргунова і вучоны сакратар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Маргарыта Досіна.