Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня навукі за мір і развіццё

5 лістапада 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Мост паміж навукай і грамадствам. Важнасць і актуальнасць навукі для паўсядзённага жыцця», прымеркаваная да Сусветнага дня навукі за мір і развіццё (10 лістапада).

Пра апошнія дасягненні вучоных журналістам расказалі Андрэй Іванец, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, доктар хімічных навук; Станіслаў Юрэцкі, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі; Маргарыта Досіна, вучоны сакратар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі; Юрый Канашэнка, вучоны сакратар Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі.

Андрэй Іванец на прэс-канферэнцыі адзначыў: «Сёння Нацыянальная акадэмія навук супрацоўнічае з найбуйнейшымі навуковымі цэнтрамі больш як са 100 краін свету, у тым ліку Кітая, Рэспублікі Карэя, Японіі, Германіі. На базе нашых навуковых арганізацый дзейнічаюць 42 міжнародныя даследчыя цэнтры і лабараторыі розных узроўняў. Рыхтуецца стварэнне яшчэ 10. Найбольш дынамічным з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва з калегамі з Кітая нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю».