Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.11.2020

19–20 лістапада 2020 года ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі пройдзе V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Інтэлектуальная культура Беларусі: духоўна-маральныя традыцыі і тэндэнцыі інавацыйнага развіцця»

19–20 лістапада 2020 года ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі пройдзе V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Інтэлектуальная культура Беларусі: духоўна-маральныя традыцыі і тэндэнцыі інавацыйнага развіцця», прымеркаваная да Сусветнага дня філасофіі (19 лістапада).

Канферэнцыя мае статус штогадовых мерапрыемстваў Інстытута. Асаблівасцю праблематыкі 2020 года стане раскрыццё ролі духоўна- маральных традыцый у забеспячэнні ўстойлівага інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Актуальнасць дадзенай тэмы абумоўлена ўваходжаннем сучаснага беларускага грамадства ў фазу істотных сацыяльна-эканамічных трансфармацый, звязаных з укараненнем новых тэхналогій, актыўным распаўсюджаннем электронных сродкаў камунікацый, пашырэннем навуковага і культурнага ўзаемадзеяння, што патрабуе філасофска-тэарэтычнага асэнсавання анталагічных і гнасеалагічных падстаў гэтых складаных працэсаў, этыка-аксіялагічных і сацыяльна-псіхалагічных аспектаў, вызначэння перспектыў сацыякультурнага развіцця.

Асаблівасцю гэтага года ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай стане анлайн-фармат правядзення пасяджэнняў і круглых сталоў канферэнцыі. Пленарнае пасяджэнне, секцыі і круглыя сталы пройдуць пераважна на платформе Zoom для ўдзельнікаў канферэнцыі, а таксама будуць даступныя для прагляду ўсімі зацікаўленымі філасофскай думкай на Youtube-канале Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

У рамках шырокай тэматыкі секцыйных пасяджэнняў будуць абмяркоўвацца праблемы філасофіі культуры, сацыяльнай філасофіі, філасофскай антрапалогіі, філасофіі рэлігіі, этыкі, эстэтыкі, метадалогіі навукі з мэтай выяўлення ролі духоўна-маральнай культуры ў забеспячэнні ўстойлівага інавацыйнага развіцця сучаснага грамадства; вызначэння галоўных напрамкаў даследаванняў у дадзенай галіне і фактараў, якія дазваляюць больш эфектыўна выкарыстоўваць атрыманыя рэзультаты для выпрацоўкі практычных рашэнняў па гарманізацыі сацыяльных працэсаў. Асаблівая ўвага будзе нададзена ўзаемадзеянню традыцыйных і сучасных форм асэнсавання духоўна-культурных працэсаў і перспектыў цывілізаванага развіцця; суадносінам традыцый і інавацый у адукацыйнай і навуковай сферах грамадства; разгляду сацыяльна-этычных аспектаў у інавацыйным развіцці сучаснага грамадства.

Шэраг круглых сталоў будзе прысвечаны больш вузкім пытанням: філасофіі Гегеля і гегельянцаў, 200-годдзю з дня нараджэння Ф. Энгельса, уплыву творчасці У. Караткевіча на фарміраванне беларускай ідэнтычнасці, антрапалагічным, этычным, гендарным выклікам у эпоху біякапіталізму, этыцы вайны і рэлігійнай культуры.

У рабоце канферэнцыі прымуць удзел звыш за 300 удзельнікаў – прадстаўнікоў навуковай супольнасці, адукацыі, работнікаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Францыі, Сербіі, Літвы, Румыніі.

Матэрыялы канферэнцыі будуць даступныя на старонцы сайта Інстытута філасофіі: – http://philosophy.by/ru/event/2020-11-19-20/