Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.12.2020

Сталі вядомыя лаўрэаты першага конкурсу НАН і LG для маладых вучоных

30 лістапада 2020 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў першага сумеснага конкурсу НАН Беларусі і карэйскай кампаніі LG Electronics для маладых вучоных. Дыпломы пераможцам уручыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

У 2020 годзе НАН Беларусі сумесна з карэйскай кампаніяй LG Electronics упершыню быў праведзены конкурс маладых вучоных «Прапановы маладых вучоных Беларусі для кампаніі LG Electronics 2020». Згодна з Палажэннем, лаўрэаты ўзнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прызамі. Па выніках разгляду і абмеркавання заявак беларускіх навуковых і адукацыйных арганізацый у рамках пасяджэння Тэхнічнага кансультацыйнага савета LG Electronics-НАН Беларусі членамі дадзенага савета і экспертамі кампаніі LG Electronics былі вызначаны пераможцы.

Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Дзмітрый Грапаў за прапанову «Катод халоднага выпраменьвання для рэнтгенаўскага і ТГц метадаў» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі).

Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны Віталій Мерынаў за прапанову «Бескантактнае выяўленне лазерна-індуцыраванага ультрагуку для неразбуральнага кантролю і ацэнкі» (Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага НАН Беларусі).

Дыпломы трэцяй ступені прысуджаны тром маладым вучоным:
  • Вікторыі Акулавай за прапанову «Ахоўныя супергідрафобныя і алеафобныя пакрыцці» (Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі);
  • Мікіту Ткачонку за прапанову «Распрацоўка фотакаталітычных і антыбактэрыяльных празрыстых пакрыццяў (аксід цынку з дабаўленнем медзі) для самаачысткі і дэзынфекцыі паверхні» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі);
  • Арцёму Ларыну за прапанову «Распрацоўка метадаў і абсталявання для вымярэння дынамічных характарыстык мяккіх магнітных матэрыялаў» (Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве).