Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.12.2020

У Беларусі выбралі лепшыя інавацыйныя праекты

Лепшымі распрацоўкамі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў 2020 года сталі інавацыі ў галіне медыцыны і медыцынскіх тэхналогій.

Так, у намінацыі «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект» адзначаны дзве работы маладых вучоных НАН Беларусі: Віталій Мерынаў з Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага НАН Беларусі з распрацоўкай «Выкарыстанне адходаў сталеплавільнай вытворчасці для атрымання імпартазамяшчальных кампазітных матэрыялаў трыбатэхнічнага прызначэння» і Аксана Цімохіна з Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі з «Распрацоўкай тэхналогіі банкіравання алагенных дэндрытных клетак для лячэння анказахворванняў» занялі 3-ія месцы.

Шэраг прадстаўнікоў НАН Беларусі таксама адзначаны дыпломамі фіналістаў конкурсу, падзякамі БРСМ за актыўны ўдзел у інавацыйным жыцці і другімі ўзнагародамі. Некалькі грамат ад НАН Беларусі ўручыў намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Аляксандр Краўцоў.

Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў штогод праводзіцца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Беларускім інавацыйным фондам пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і другіх арганізацый. Дадзены конкурс праводзіцца з 2010 года і з’яўляецца, па сутнасці, галоўным конкурсам краіны па выяўленні і прасоўванні маладых, таленавітых і перспектыўных спецыялістаў. Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях: «Лепшы інавацыйны праект» і «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект». Мэта конкурсу – стварэнне комплекснай сістэмы падтрымкі інавацыйнай дзейнасці ў краіне, павышэнне яе прывабнасці ў прадпрымальніцкім асяроддзі, стымуляванне інавацыйнай актыўнасці моладзі.