Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.03.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная навукова-тэхнічнаму развіццю краіны да 2025 года

11 сакавіка 2021 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Інавацыі – крок у будучыню. Навукова-тэхнічнае развіццё Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады». У якасці спікераў ад Акадэміі навук на мерапрыемстве выступілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец. Яны падрабязна расказалі пра тыя напрамкі, што лягуць у аснову рэалізацыі будучай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця «Беларусь інтэлектуальная» і пабудовы IТ-краіны. Было падкрэслена, што галоўная задача навуковай сферы на наступную пяцігодку – ажыццявіць прапанаванае да выканання ў новым цыкле фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу, што для рашэння пастаўленых на Усебеларускім народным сходзе задач, рэалізацыі стратэгіі «Навука і тэхналогіі 2018—2040», навуковага суправаджэння мегапраекта «Беларусь інтэлектуальная» ў найбліжэйшай перспектыве вучоныя павінны будуць працягнуць работы па касмічных даследаваннях і лічбавых геаінфармацыйных тэхналогіях, сфарміраваць навуковую базу для стварэння штучнага інтэлекту, тэхналогіі інтэлектуальнай апрацоўкі вялікіх даных на базе адзінай суперкамп’ютарнай платформы кластарнай архітэктуры. Таксама плануецца стварыць эксперыментальную базу для развіцця сонечнай энергетыкі, забяспечыць атрыманне аператыўнай дакладнай інфармацыі аб руху тавараў у рамках гаспадарчай дзейнасці арганізацый для стварэння неабходных умоў па скарачэнні незаконнага абароту прамысловай прадукцыі і яго ўплыву на развіццё эканомікі краіны. Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі падкрэсліў, што ключавым напрамкам у развіцці айчыннай навукі застаецца работа па прыцягненні моладзі ў навуковую сферу, у цэнтры ўвагі – кадравы патэнцыял. Андрэй Іванец расказаў, што ўжо 17 сакавіка ў Глыбокім адбудзецца навукова-практычны форум «Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада», які збярэ маладых людзей з трох раёнаў Віцебскай вобласці. Моладзь Глыбоцкага, Докшыцкага і Ушацкага раёнаў сустрэнецца са сваімі равеснікамі і прадстаўнікамі ўлады, адукацыйнай, навуковай і вытворчай сфер. Яны абмяркуюць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння па стварэнні і ўкараненні перадавых распрацовак у адукацыі, ахове здароўя і разумнай трансфармацыі гарадской інфраструктуры не толькі ў буйных гарадах, дзе ў наступныя пяць гадоў плануецца рэалізаваць канцэпцыю разумнага горада, але і ў невялікіх населеных пунктах. Таксама пройдзе сустрэча з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікамі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Савета маладых вучоных НАН Беларусі, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», прадстаўнікамі профільных падраздзяленняў Віцебскага аблвыканкама і райвыканкамаў.