Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.06.2019

Вучоныя Беларусі і Расіі выпрацавалі план сумеснай дзейнасці на 2019 - 2020 гады

18 чэрвеня 2019 года ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук: “Аб ролі навукі ў сацыяльна-эканамічным развіцці і фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы”. На пасяджэнні прысутнічалі Уладзімір Ільіч Сямашка – Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Рыгор Аляксеевіч Рапота – Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы. З уступным словам да прысутных звярнуліся Прэзідэнт РАН акадэмік РАН Аляксандр Міхайлавіч Сяргееў і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў. На пасяджэнні разгледжаны і адобраны найважнейшыя вынікі работы РАН і НАН Беларусі па выніках 2018 года, перспектыўныя праекты праграм Саюзнай дзяржавы, а таксама планы сумеснай дзейнасці РАН і НАН Беларусі на 2019-2020 гады.

На пасяджэнні прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі асаблівая ўвага была ўдзелена навуковаму суправаджэнню распрацоўкі стратэгічных напрамкаў прасторава-тэрытарыяльнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі і Беларусі на доўгатэрміновы перыяд, а таксама ўдзелу навуковых арганізацый РАН і НАН Беларусі ў праграмах Саюзнай дзяржавы.

Як было адзначана, РАН і НАН Беларусі ажыццяўляюць актыўную прапрацоўку сумесных праектаў у прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы: нарошчванне патэнцыялу ў галіне касмічных даследаванняў і інфармацыйна-касмічных тэхналогій; стварэнне высокапрадукцыйных сістэм і тэхналогій апрацоўкі інфармацыі для розных галін эканомікі; нанаматэрыялы і нанатэхналогіі; генная інжынерыя і біятэхналогіі. У 2018 годзе вучоныя НАН Беларусі і РАН выконвалі 3 праграмы Саюзнай дзяржавы. Гэта – “Даследаванні і распрацоўка высокапрадукцыйных інфармацыйна-вылічальных тэхналогій для павелічэння і эфектыўнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу вуглевадароднай сыравіны Саюзнай дзяржавы” ( “Скіф-Нетры”) (2015-2018 гады), “Распрацоўка інавацыйных генагеаграфічных і геномных тэхналогій ідэнтыфікацыі асобы і індывідуальных асаблівасцей чалавека на аснове вывучэння генафондаў рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы” (“ДНК-ідэнтыфікацыя”) (2017-2021 гады), “Распрацоўка комплексных тэхналогій стварэння матэрыялаў, прылад і ключавых элементаў касмічных сродкаў і перспектыўнай прадукцыі іншых галін” (“Тэхналогія-СД”) (2016-2020 гады). У цяперашні час РАН і НАН Беларусі вядзецца работа па падрыхтоўцы 2 перспектыўных праграм Саюзнай дзяржавы. Гэта – “Распрацоўка перспектыўных базавых тэхналагічных працэсаў атрымання функцыянальных матэрыялаў, структур, кампанентаў і модуляў для высокаэфектыўных вырабаў фатонікі ў Саюзнай дзяржаве” ( “Кампанент-Ф”) і “Ацэнка і шляхі папярэджання рызык узнікнення крызісных сітуацый у лясах пры інтэнсіфікацыі лясной гаспадаркі” (“Лес-інтэнсіфікацыя”).

На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН былі заслуханы даклады лаўрэатаў прэміі РАН і НАН Беларусі 2018 года за выдатныя навуковыя вынікі, атрыманыя ў ходзе сумесных даследаванняў. Навуковая эліта дзвюх краін абмеркавала праект Пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Расійскай акадэміяй навук і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, дзейнасць навуковых саветаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, план работы падкамісіі па фундаментальных і пошукавых даследаваннях Камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, а таксама шэраг іншых важных праблем.

Фота Научная Россия