Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.07.2019

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Днём Незалежнасці

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны!

Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з галоўным для ўсяго беларускага народа святам – Днём Незалежнасці. У гэтым годзе ён адзначаецца разам са знамянальнай датай – 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

3 ліпеня – дзень, які па-сапраўднаму аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Гэта гістарычная дата – напамін пра тое, якой цаной дасталася Незалежнасць нашаму народу.

Мы ганарымся, што ў ліку тых, хто прымаў удзел у вызваленні Беларусі, было нямала вучоных Акадэміі навук. Выказваем усім ветэранам вялікую ўдзячнасць за подзвіг. Вашы выдатныя дасягненні ў ваенны і пасляваенны час дазволілі нашай Радзіме і беларускаму народу дасягнуць каласальных поспехаў у сацыяльным і эканамічным развіцці. Калi б не было іх, Беларусь наўрад ці адбылася б як суверэнная дзяржава. Памяць пра мінулае – залог сілы пакаленняў, якія жывуць цяпер.

Вялікі подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны мае асаблівае значэнне для сучаснай гісторыі, фарміруе грамадзянскую пазіцыю нацыі, умацоўвае пачуццё патрыятызму. Кожнага трэцяга беларуса панёс з сабой малох Вялікай Айчыннай. Зламаныя чалавечыя лёсы, трагедыя сем’яў і разруха – вынік любых узброеных канфліктаў. Асабліва важна пра гэта памятаць сёння, калі спрэчныя пытанні ў свеце часта зноў вырашаюцца шляхам узброеных канфліктаў.

Вучоныя НАН Беларусі правялі цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі. Самым буйным стаў міжнародны форум “Аперацыя “Баграціён”, які сабраў вядучых вучоных з Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана, Германіі і Літвы. Гэтая навуковая канферэнцыя сканцэнтравала намаганні многіх навуковых і грамадскіх арганізацый, навучальных устаноў па захаванні аб’ектыўнай памяці пра падзеі, звязаныя з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, стала знакавым праектам патрыятычнай накіраванасці.

У нашага народа ёсць свая багатая культура і гісторыя. У апошнія гады вучоныя-гуманітарыі не раз паказвалі гэта не толькі беларусам, але і замежным скептыкам. Шматтомнае выданне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, праца над якім працягваецца і сёння – яркае таму сведчанне. Яго выхад важны яшчэ і ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў пад знакам Года малой Радзімы.

Беларусі ёсць чым ганарыцца. Апошняе пацвярджэнне – II Еўрапейскія гульні, якія нядаўна адбыліся і сабралі тысячы балельшчыкаў і гасцей з дзясяткаў краін Еўропы. Гэтае свята спорту аб’яднала людзей розных нацыянальнасцей, а галоўнае – прадэманстравала яркія дасягненні нашай краіны.

Мір, Свабода і Незалежнасць – вось тры найвышэйшыя дасягненні, заваяваныя нашым народам. Захаваць і перадаць іх нашчадкам – наша задача.

Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і працвітання.

Са святам вас, дарагія ветэраны і калегі!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі