Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.07.2019

89 выпускнікоў магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі атрымалі дыпло

Сёння ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных дыпломаў выпускнікам магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Дакументы атрымалі 89 чалавек. На мерапрыемстве прысутнічалі магістранты, акадэмікі-сакратары аддзяленняў НАН Беларусі, дырэктары навуковых арганізацый НАН Беларусі, вядомыя вучоныя, блізкія і родныя выпускнікоў.

Як падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: “НАН Беларусі праводзіць мэтанакіраваную работу па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі і навуковай моладзі. Робяцца захады, каб маладыя навукоўцы атрымалі сваё першае працоўнае месца, былі забяспечаны жыллём, мелі магчымасць для творчага і кар’ернага росту. Актыўна працуе Савет маладых вучоных, праводзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, школы, арганізуюцца спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы. І наогул, у Акадэміі складваюцца традыцыі вялікай навуковай карпарацыі”. Звяртаючыся да выпускнікоў, Уладзімір Гусакоў адзначыў: “У апошні час да магістарскіх даследаванняў праяўляецца шырокая цікавасць. Гэта прызнанне не толькі вашых асабістых здольнасцей, але і сістэмы акадэмічнай адукацыі, якая дае магчымасць набыць канкурэнтную кваліфікацыю. Хацелася б, каб вы змаглі рэалізаваць сябе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Наша краіна ўступіла на інавацыйны шлях развіцця і мае патрэбу ў крэатыўных маладых вучоных і прафесіяналах, якія не баяцца ставіць амбіцыйныя мэты і паслядоўна іх дасягаць”.

Па рэзультатах экзаменаў маладыя людзі паказалі добрыя вынікі. Выпускнікі абаранілі дысертацыі па біялогіі, машынабудаванні і машыназнаўстве, фізіцы, хіміі, прыкладной матэматыцы і інфарматыцы, матэматыцы, мастацтвазнаўстве, археалогіі, сацыялогіі, эканоміцы і кіраванні народнай гаспадаркай. Сярэдняя адзнака абароны выпускных работ склала 8,9 бала, а 77% выпускнікоў атрымалі адзнакі 9 і 10 балаў. Выпускнікі магістратуры пастаянна фарміруюць каля 50% кантынгенту тых, хто паступае ў аспірантуру Акадэміі навук на вочнае аддзяленне. Важна таксама адзначыць, што ў акадэмічныя арганізацыі пойдуць працаваць больш за 60% выпускнікоў. Сёння НАН Беларусі па праву з’яўляецца найбуйнейшай навукова-вытворчай карпарацыяй, куды ўваходзяць 113 арганізацый, працуе больш за 15 тысяч чалавек, з іх 4 тысячы занятыя навуковымі даследаваннямі. Каля 20% вучоных акадэміі – гэта моладзь ва ўзросце да 29 гадоў.

Больш фота з уручэння дыпломаў можна знайсці на старонцы НАН Беларусі ў Facebook і VK.