Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.08.2019

Група вучоных Узбекістана завяршыла стажыроўку ў НАН Беларусі

У НАН Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння сертыфікатаў узбекскім вучоным, якія завяршылі праграму праходжання стажыроўкі ў навуковых арганізацыях НАН Беларусі. Дакументы ўручыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Гэтыя стажыроўкі ажыццяўляюцца ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам інавацыйнага развіцця Рэспублікі Узбекістан.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў павіншаваў узбекскіх вучоных з паспяховым завяршэннем стажыроўкі і падкрэсліў, - “Вельмі важна, што наладжаны плённыя сувязі паміж навуковымі арганізацыямі Беларусі і Узбекістана, што вучоныя нашых краін дзеляцца дасягнутымі вынікамі і поспехамі. Мы дамовіліся, што такое супрацоўніцтва будзе пашырацца”.

З 18 ліпеня па 12 жніўня 2019 года ў акадэмічных навуковых і навукова-вытворчых арганізацыях НАН Беларусі прайшло навучанне па адукацыйнай праграме стажыроўкі кіруючых работнікаў (спецыялістаў) група грамадзян Узбекістана, якія прадстаўляюць інстытуты Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан, органы дзяржаўнай улады і навукова-практычныя ўстановы. Арганізатарам стажыроўкі ад НАН Беларусі выступіў Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў. Базамі з’яўляліся: Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі, Інстытут энергетыкі, Інстытут філасофіі, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, НПЦ па матэрыялазнаўстве, Цэнтр геафізічнага маніторынгу, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У рамках адукацыйнай праграмы стажоры азнаёміліся з дзейнасцю інстытутаў, абсталяваннем, арганізацыяй вытворчасці і тэхналогіямі, працавалі ў бібліятэках і архіўных фондах, а таксама прынялі ўдзел у рабоце І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Вынікам навучання ў НАН Беларусі стала не толькі асваенне новых метадаў і тэхналогій, але і збор матэрыялаў для навуковых артыкулаў, выпрацоўка планаў сумесных даследаванняў з беларускімі вучонымі. У водзывах кіраўнікоў стажыроўкі і справаздачах стажораў адзначаны наступныя вынікі: асваенне тэхналогіі механічнай апрацоўкі высокацвёрдых матэрыялаў; новыя метады культывавання клетак у асэптычных умовах; вывучэнне вопыту вядзення інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; супастаўляльнае даследаванне моўных з’яў няроднасных моў; азнаямленне з вопытам алічбоўкі фальклорнага архіву.

Па выніках стажыроўкі падпісаны пяць дакументаў аб супрацоўніцтве: Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі і Інстытутам сейсмалогіі АН РУз; Дагавор аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі і Інстытутам агульнай і неарганічнай хіміі АН РУз; Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам энергетыкі НАН Беларусі і Навукова-тэхнічным цэнтрам Узбекістана; Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам энергетыкі НАН Беларусі і Ташкенцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам; Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі і Цэнтрам перадавых тэхналогій пры Міністэрстве інавацыйнага развіцці Рэспублікі Узбекістан.

Таксама па выніках стажыровак прадстаўнікоў першай групы плануюцца да падпісання Дагавор аб супрацоўніцтве паміж філіялам “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Какандскім дзяржаўным педагагічным інстытутам.

Да 12 верасня працягнецца двухмесячная стажыроўка яшчэ 18 стажораў з арганізацый Узбекістана. Базавымі арганізацыямі для стажыровак другой групы з’яўляюцца: Інстытут хіміі новых матэрыялаў, Інстытут біяарганічнай хіміі, НПЦ па матэрыялазнаўстве, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, ДНПА “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка”, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут меліярацыі, Інстытут эканомікі, Інстытут мікрабіялогіі, Цэнтральны батанічны сад, Інстытут генетыкі і цыталогіі, Інстытут хіміі новых матэрыялаў.

Фота С. Дубовік, газета Навука