Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.09.2019

У НАН Беларусі адбыўся семінар па заканадаўчым забеспячэнні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці

25 верасня 2019 года ў НАН Беларусі адбыўся семінар па вывучэнні дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь практыкі прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады на тэму “Заканадаўчае забеспячэнне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці: рэаліі, праблемы, перспектывы”.

Як паведаміў перад пачаткам семінара Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, у краіне дзейнічаюць каля 600 нарматыўных актаў, якія рэгулююць розныя напрамкі навуковай дзейнасці. У прынцыпе, усе асноўныя палажэнні адрэгуляваныя, разам з тым ёсць некаторыя пытанні. У прыватнасці, іншых падыходаў у заканадаўстве патрабуе прыватная навука ў сувязі з развіццём дзяржаўна-прыватнага партнёрства. “Мы канструктыўна працуем з нашым парламентам. Сумесна абмяркоўваем розныя праблемы, знаходзім рашэнні, рыхтуем нарматыўныя акты. І вельмі важна, што Акадэміі навук даручана праводзіць экспертызу ўсіх заканадаўчых актаў”, – заўважыў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Ігар Марзалюк у сваю чаргу адзначыў, што навука з’яўляецца галоўным драйверам развіцця эканомікі, таму так важна заканадаўчае суправаджэнне і забеспячэнне навуковай і інавацыйнай дзейнасці.

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Баляслаў Пірштук падкрэсліў: “Мы павінны стварыць прававыя ўмовы, базу, траекторыю росту. І тыя адчувальныя моманты, якія тармозяць развіццё навукі, безумоўна, павінны адчуць і ў самыя кароткія тэрміны ўнесці ў законапраекты праўкі, якія дазволяць спрацаваць на апярэджанне”.

У ходзе семінара парламентарыі прааналізавалі стратэгічныя напрамкі развіцця навукі, патрэбы навуковай супольнасці ў заканадаўчых падыходах. Былі абмеркаваны таксама актуальныя напрамкі ўдасканалення заканадаўчага рэгулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, пытанні развіцця заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, асноўныя тэндэнцыі ўдасканалення нарматыўна-прававой базы ў галіне атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, асноўныя напрамкі развіцця ў гэтай сферы. Парламентарыі азнаёміліся з пастаянна дзеючай выставай “Дасягненні айчыннай навукі вытворчасці” і Музеем гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Фота С. Дубовік, газета “Навука”