Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.11.2019

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся чарговы выпуск узбекскіх спецыялістаў

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся чарговы выпуск узбекскіх спецыялістаў, якія праходзілі стажыроўку ў навуковых установах Беларусі. Сертыфікаты аб яе заканчэнні ўручыў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец.

У гэты раз у навуковых і навукова-вытворчых арганізацыях НАН Беларусі прайшлі навучанне па адукацыйнай праграме стажыроўкі кіруючых работнікаў 5 стажораў, грамадзян Рэспублікі Узбекістан. Вынікам таксама стала засваенне новых метадаў і тэхналогій, збор матэрыялаў для навуковых артыкулаў, планы сумесных даследаванняў з беларускімі вучонымі.

Арганізатарам стажыроўкі выступіў Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Базамі сталі Фізіка-тэхнічны інстытут, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча, Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, Інстытут гісторыі і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Акрамя таго, у Мінску ў гэтыя дні знаходзілася дэлегацыя навукова-тэхнічнага савета Міністэрства інавацыйнага развіцця Рэспублікі Узбекістан. Госці таксама наведалі арганізацыі НАН Беларусі: Інстытут гісторыі, Інстытут фізікі, Інстытут філасофіі і шэраг іншых, а таксама прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі “РІНТІ-2019”.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”