Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.12.2019

Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ўзялі ўдзел у канферэнцыі «“Блакадная кніга”: А. Адамовіч і Д. Гранін»

Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ўзялі ўдзел у канферэнцыі «“Блакадная кніга”: А. Адамовіч і Д. Гранін», да 100-годдзя Данііла Граніна і 40-годдзя выхаду «Блакаднай кнігі», якая адбылася 2 снежня 2019 г. ў Доме Масквы ў Мінску.

З прывітальным словам выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка распавёў аб асабістым знаёмстве, працы з пісьменнікам і даследчыкам, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Алесем Адамовічам. У прамове была адзначана важкасць унёску «Блакаднай кнігі» ў дакументальную літаратуру дзеля захавання гістарычнай памяці народа. Дачка Алеся Адамовіча, Наталля Адамовіч, прадэманстравала шэраг дакументальных матэрыялаў і прачытала даклад, прысвечаны гісторыі стварэння «Блакаднай кнігі», стасункам А. Адамовіча і Д. Граніна, а таксама расказала пра сёлетнюю прэзентацыю поўнага перакладу гэтага выдання на нямецкую мову ў Берліне.

У канферэнцыі ўдзельначалі прадстаўнікі больш як 10 навуковых, адукацыйных, культурных устаноў Беларусі і Расіі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дом Масквы.

Марына Варабей