Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.12.2019

Кіраўнікі НАН Беларусі далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”

24 снежня кіраўнікі НАН Беларусі далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец і старшыня прафсаюзнага камітэта апарату НАН Беларусі, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Уладзімір Левашкевіч наведалі выхаванцаў «SOS - Дзіцячая вёска Бараўляны». Яны павіншавалі дзяцей з Новым Годам і ўручылі ім веласіпед і салодкія падарункі. Госці азнаёміліся з умовамі пражывання, сацыяльнымі, псіхолага-педагагічнымі і прававымі паслугамі, якія аказваюцца дзецям.

Штогод падчас Навагодняй рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых улад, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі і ўручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Цяперашняя акцыя будзе доўжыцца да 10 студзеня.

У 1995 годзе «SOS - Дзіцячая вёска Бараўляны» стала стартавай пляцоўкай развіцця SOS-Дзіцячых вёсак у Рэспубліцы Беларусь. У цэнтры яе ўвагі дзеці з рызыкай страты бацькоўскай апекі або ўжо страцілі яе. Мэта работы – падарыць кожнаму дзіцяці сям’ю, любоў, павагу і бяспеку. Для дзяцей, якія страцілі бацькоў, тут імкнуцца стварыць сямейную атмасферу. Доўгатэрміновая апека забяспечвае якасную прафесійную апеку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на базе сямейнага выхавання ў SOS-сем’ях.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”


Тэгi
#акцыі