Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.01.2020

У НАН Беларусі прэзентуюць кнігу “Дзяржаўны кадастр расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Асновы кадастру. Першаснае абследаванне 2002-2017 гг.”

16 студзеня 2020 года (чацвер) у 15:00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, к. 110) адбудзецца прэзентацыя кнігі “Дзяржаўны кадастр расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Асновы кадастру. Першаснае абследаванне 2002-2017 гг.”.

Публікацыя гэтага фундаментальнага выдання – важная падзея ў нашай краіне. Дадзеная кніга з’яўляецца найбольш поўным даведачным выданнем пра аб’екты расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Над гэтай працай вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі працавалі больш за 20 гадоў, а само выданне ўнікальнае. У фундаментальнай працы аб’ёмам 600 старонак адлюстраваны метадычныя, прававыя і інфармацыйныя аспекты стварэння кадастру расліннага свету, а таксама вынікі першаснага абследавання. У дадзеным выданні прыведзены найбольш поўныя зводныя даныя аб рэдкіх і знікаючых, інвазіўных, гаспадарча карысных, інтрадуцыраваных, атрутных і іншых відах раслін і грыбоў, раслінных супольнасцях і каштоўных насаджэннях у разрэзе абласцей і адміністрацыйных раёнаў. Кніга ўключае больш за 2000 карт і 1000 малюнкаў.

Дзяржаўны кадастр расліннага свету Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўнікальнай інфармацыйнай сістэмай, арыгінальнай распрацоўкай беларускіх вучоных, якая не мае аналагаў у СНД і Усходняй Еўропе. Ён прызначаны для забеспячэння дзяржаўных органаў і юрыдычных асоб поўнай і аб’ектыўнай спецыфічнай інфармацыяй, неабходнай для арганізацыі ўстойлівага выкарыстання раслінных рэсурсаў, ацэнкі ўплыву на іх гаспадарчай дзейнасці, кантролю, узнаўлення і аховы. У кадастры вядзецца ўлік папуляцый ахоўных відаў раслін і грыбоў, праводзіцца ацэнка запасаў ягад, грыбоў і іншых гаспадарча карысных раслін. Кадастр служыць асновай для збору інфармацыі аб небяспечных інвазіўных раслінах і служыць асновай для распрацоўкі мер барацьбы з імі.

Кніга прызначана для шырокага кола вучоных і спецыялістаў у галіне прыродакарыстання, батанікі, лесазнаўства, аховы прыроды, для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ біялагічнага профілю.

Да мерапрыемства рыхтуецца выстава, на якой будуць дэманстравацца кнігі, якія, на думку аўтараў прэзентуемага выдання, з’яўляюцца асноватворнымі ў правядзенні навуковых інвентарызацый і карціравання папуляцый асабліва каштоўных у гаспадарчым стаўленні, рэдкіх і знікаючых, а таксама небяспечных інвазіўных відаў раслін у нашай краіне і якія ляглі ў аснову стварэння Дзяржаўнага кадастру расліннага свету. Сярод іх даведачныя, энцыклапедычныя выданні, а таксама аўтарскія і калектыўныя манаграфіі.

На прэзентацыю запрошаны прадстаўнікі Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога і гарадскога камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Аўтары самых цікавых пытанняў атрымаюць падарунак – кнігу “Дзяржаўны кадастр расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Асновы кадастру. Першаснае абследаванне 2002-2017 гг.”.