Мікалай Мікалаевіч Бамбалаў (03.06.1938 – 02.06.2020), біягеахімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; член-карэспандэнт з 1989, доктар сельскагаспадарчых навук з 1985, прафесар з 2013).
Нарадзіўся ў г. Шаталава Смаленскай вобласці, Расія.
Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі мінералізацыі і гуміфікацыі арганічных злучэнняў у глебах рознага генезісу і распрацоўка практычных мерапрыемстваў па рэгуляванні балансу арганічнага рэчыва ў іх.
Выявіў агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арганічнага рэчыва глеб, узаемасувязь паміж экалагічнымі ўмовамі глебаўтварэння, хімічным складам, малекулярнай структурай арганічных злучэнняў і тэмпамі іх мінералізацыі.
Зрабіў унёсак у распрацоўку біягеахімічнай тэорыі раскладання арганічнага рэчыва ў балотным асяроддзі. Заклаў тэарэтычныя асновы атрымання ўстойлівых раствораў гумінавых рэчываў торфу са злучэннямі медзі, бору, цынку, марганцу, жалеза і распрацаваў тэхналогію вытворчасці вадкіх біялагічна актыўных гумінавых мікраўгнаенняў, выпуск якіх ажыццяўляецца на торфапрадпрыемстве «Зялёнаборскае» Смалявіцкага р-на.
Абгрунтаваў ідэю і метады аднаўлення балот на выпрацаваных тарфяных радовішчах (у цяперашні час у Беларусі адноўлена больш за 80 тыс. га балот).
Навукова абгрунтаваў метады біясферна-сумяшчальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў балот, тарфяных глеб і тарфяных радовішчаў з улікам агульнапланетарных функцый у біясферы. Устанавіў асаблівасці біягеахімічных цыклаў вугляроду і азоту ў глебах і балотах і даказаў, што балоты выконваюць функцыю пераходнага звяна паміж біягенным і геалагічным кругазваротамі гэтых элементаў.Распрацаваў навуковыя асновы новай галіны навукі і гаспадаркі – балотаводства. Стварыў эфектыўныя торфа-сапрапелевыя меліяранты глеб для барацьбы з апустыньваннем зямель.
Прымаў удзел у міжнародных праектах па азеляненні пустынь у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Егіпце (1989–1996).
Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 26 вынаходніцтваў.