Віктар Сямёнавіч Буракоў (25.03.1931 - 01.03.2020), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1968; ч.-кар. з 1980), доктар фізіка-матэматычных навук (1977), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1980).
Работы па квантавай электроніцы і спектраскапіі плазмы. Распрацаваў метады вывучэння параметраў лазераў, павышэння іх к.к.д., атрымаў спецыяльныя рэжымы іх работы для мэт спектраскапіі плазмы; высветліў працэсы ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпраменьвання з нізкатэмпературнай плазмай, прыроду назіраемых пры гэтым нелінейных эфектаў; развіў метады ўнутрырэзанатарнай спектраскапіі і пашырыў галіны яе прымянення. Сумесна з Фізіка-тэхнічным інстытутам імя А.Ф.Іофе АН СССР даследаваў высокатэмпературную плазму ў устаноўках “Токамак” метадам рэзананснай лазернай флюарэсцэнцыі. Ажыццявіў распрацоўку новых метадаў спектральнага аналізу і іх укараненне на прадпрыемствах рэспублікі.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, 11 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), Айчыны III ступені (1999 г.), медалём.