Scientists of Belarus: Vitaliy Fyadosavich Myadzvedzeu (to the 80th anniversary)
/ Publications / Scientific Journals
Scientists of Belarus: Vitaliy Fyadosavich Myadzvedzeu (to the 80th anniversary)

| Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCESPublished by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Separate article from Number 4, 2008 (pp. 118--121)
SCIENTISTS OF BELARUS
Nikitenko P.G.
Vitaliy Fyadosavich Myadzvedzeu (to the 80th anniversary)
Нікіценка П.Г.
Віталій Фядосавіч Мядзведзеў (Да 80-годдзя з дня нараджэння)
Віталій Фядосавіч Мядзведзеў нарадзіўся 26 верасня 1928 г. у вёсцы Вугольшчына Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Дом бацькоў Віталія Фядосавіча -- бацькі Фядоса Самсонавіча і маці Марыі Іванаўны -- быў цэнтрам прыцягнення сельскай інтэлігенцыі. Тут збіраліся па вечарах, у выхадныя і святочныя дні настаўнікі, медыцынскія работнікі, інжынеры-будаўнікі дарог і мастоў машынна-трактарнай станцыі, аграномы і заатэхнікі, прыезджыя інтэлігенты. Аднак 22 чэрвеня 1941 г. грымнула Вялікая Айчынная вайна, якая перайначыла свет, разбурыла планы, надзеі, аснову жыцця.
У тыя гады Віталій Фядосавіч выконваў любыя заданні партызан, але галоўным чынам здабываў разведданыя, шмат разоў хадзіў у размяшчэнне фашыстаў у Магілёве. Неаднаразовыя спробы трапіць (нелегальна) на фронт, ва Усходнюю Прусію, у пошуках партызан заканчваліся няўдачамі, кожны раз пагранатрад адпраўляў назад. Змякчала тое, што на руках была даведка аб тым, што з канца 1942 г. па чэрвень 1944 г. быў сувязным-разведчыкам 600-га партызанскага палка.
Вярнуўшыся дадому ў верасні 1944 г, працягнуў навучанне ў школе, а затым на паскораным курсе настаўнікаў пачатковых класаў пасля заканчэння якога стаў настаўнікам Міхнавіцкай школы Івацэвіцкага раёна. Выкладанне ў школе прывяло да цвёрдага рашэння працягнуць навучанне. Агульнаадукацыйная падрыхтоўка была надзвычай слабай, але тым не менш у 1947 г. В.Ф. Мядзведзеў паступіў на аддзяленне эканамічнай і палітычнай геаграфіі БДУ, дзе захапіўся эканамічнай геаграфіяй замежных краін, вывучэннем ролі навакольнага асяроддзя ў развіцці грамадства, заканамернасцей размяшчэння вытворчых сіл, палітычнай эканоміі.
У 1949 г. яго запрасілі на працу ў райком камсамола прапагандыстам-інструктарам, а ў 1950 г. ён быў выбраны спачатку другім, потым першым сакратаром Фрунзенскага райкома камсамолу г. Мінска. У 1952 г. скончыў БДУ Працягваў працаваць у камсамоле.
У 1955 г. пасля паспяховай здачы ўступных экзаменаў Віталій Фядосавіч становіцца аспірантам Інстытута эканомікі АН СССР (г. Масква). У 1958 г. скончыў аспірантуру, пад кіраўніцтвам доктара эканамічных навук прафесара Е. С. Карнаухавай напісаў і абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук і вярнуўся ў Мінск, на працу ў АН БССР у аддзел размяшчэння вытворчых сіл Інстытута эканомікі.
Паступова адбывалася фарміраванне напрамкаў навуковых даследаванняў В.Ф. Мядзведзева. Аснова іх была закладзена ў БДУ, дзе ён атрымаў фундаментальныя веды ў галіне размяшчэння вытворчых сіл, эканамічнай і палітычнай геаграфіі замежных краін, палітычнай эканоміі. Па выніках даследаванняў ім была апублікавана манаграфія "Спецыялізацыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці" (Мінск, 1961).
В.Ф. Мядзведзеў быў адным з першых, хто выканаў даследаванні і даказаў эфектыўнасць пераходу ад шматгаліновай канцэпцыі да канцэпцыі спецыялізацыі ў развіцці і размяшчэнні сельскай гаспадаркі. У далейшым гэта канцэпцыя стала ў аграрнай эканамічнай палітыцы краіны дырэктыўнай. Некаторы час вучоны працаваў над рэалізацыяй гэтай канцэпцыі, узначаліўшы аддзел эканомікі сельскай гаспадаркі Дзяржплана БССР Аднак прызначэнне яго ў 1962 г. начальнікам аддзела размяшчэння вытворчых сіл і ўскладанне на яго абавязкаў па арганізацыі і кіраўніцтву распрацоўкай Генеральнай схемы размяшчэння вытворчых сіл і комплекснага развіцця народнай гаспадаркі Беларусі патрабавала пашырэння сферы навуковых даследаванняў -- мадэлявання эканамічных сістэм і шматварыянтнага планавання і прагназавання. Першапачаткова даследаванні прысвячаліся праблемам размяшчэння вытворчых сіл і рэгіянальнага мадэлявання.
Арганізаваўшы вялікую колькасць вучоных-энтузіястаў і спецыялістаў праектных арганізацый на эканамічнае абгрунтаванне размяшчэння прамысловых прадпрыемстваў, у садружнаспі са спецыялістамі шматлікіх НДІ і праектных інстытутаў Масквы, Мінска, Ленінграда, Кіева і іншых гарадоў, пры выключнай падтрымцы кіраўніцтва рэспублікі, а таксама калег з Дзяржплана СССР і БССР, В.Ф. Мядзведзеў падрыхтаваў тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні размяшчэння многіх дзесяткаў прамысловых прадпрыемстваў, якія вызначылі эканамічны рост і спецыялізацыю Беларусі ў сістэме міжнароднага падзелу працы. Гістарычнай з'явай стала тое, што была здзейснена Канцэпцыя, распрацаваная і рэалізаваная ў Генеральнай схеме размяшчэння вытворчых сіл на 1966--1970 гг. Неацэнным з'яўляецца ўклад Віталія Фядосавіча ў эканамічную навуку, у фарміраванне і развіццё народна-гаспадарчага комплексу Беларусі, у распрацоўку і вырашэнне праблем міжнародных эканамічных адносін з сусветнай супольнасцю.
Так, напрыклад, у лютым 1963 г. Віталій Фядосавіч са сваімі калегамі па аддзеле размяшчэння вытворчых сіл Дзяржплана Беларусі падрыхтаваў і абгрунтаваў прапановы па размяшчэнні ў рэспубліцы 50 прамысловых прадпрыемстваў, накіраваных на больш поўнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў, асабліва ў заходніх абласцях. У выніку 15 сакавіка 1963 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову "Аб мерах па далейшым развіцці прамысловасці і больш поўным выкарыстанні працоўных рэсурсаў у Беларускай ССР". У падрыхтоўцы праекта гэтай пастановы Віталій Фядосавіч прыняў асабісты ўдзел. Сярод прадпрыемстваў, якія прадугледжвалася гэтай пастановай размясціць і пабудаваць, былі: завод ЭВМ; завод электрарухавікоў; электралямпавы завод; завод сілавых паўправадніковых пераўтваральнікаў; Беларускі шынны камбінат; Полацкі НПЗ (хімічныя вытворчасці); Гродзенскі азотны камбінат; камбінат верхняга трыкатажу; завод шліфавальных станкоў і іншыя.
27 сакавіка 1963 г. Дзяржаўная планавая камісія БССР за праяўленую ініцыятыву па падрыхтоўцы, распрацоўцы і ўнясенні ва Урад праблемных пытанняў развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі і абарону ў Дзяржплане, Дзяржбудзе і Савеце народнай гаспадаркі СССР прапаноў па далейшым развіцці прамысловасці і болып поўным выкарыстанні працоўных рэсурсаў БССР аб'явіла В.Ф. Мядзведзеву падзяку
Новыя ідэі закладваліся ў распрацаваную пад кіраўніцтвам В.Ф. Мядзведзева Схему развіцця і размяшчэння вытворчых сіл Беларусі на 1966--1970 гг, у якой прадугледжвалася размяшчэнне ў гарадах соцень новых прадпрыемстваў, будаўніцтва нафта- і газаправодаў. Прафесійная дзейнасць Віталія Фядосавіча ацэньвалася высока. 28 сакавіка 1964 г. Дзяржплан БССР аб'явіў яму падзяку за распрацоўку ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР № 243 ад 23 мая 1963 г. навукова абгрунтаванай Схемы развіцця і размяшчэння вытворчых сіл Беларусі на перыяд да 1970 г.
У 1970 г. В.Ф. Мядзведзеў зацвярджаецца кіраўніком распрацоўкі Генеральнай схемы развіцця і размяшчэння вытворчых сіл на перыяд да 1980 г, з больш падрабязным абгрунтаваннем на 1971--1975 гг. 18 мая 1967 г. Дзяржплан БССР прыняў прапанову В.Ф. Мядзведзева і яго калег аб размяшчэнні ў г. Мінску завода па вытворчасці інтэгральных схем у адзіным прамысловым вузле прадпрыемстваў электроннай прамысловасці. 12 мая 1966 г. Калегія Дзяржаўнага планавага камітэта Савета Міністраў БССР прымае прапанову В.Ф. Мядзведзева і калег аб развіцці газіфікацыі і размяшчэнні магістральных газаправодаў у Беларускай ССР у 1966--1970 гг. В.Ф. Мядзведзеў распрацоўвае і абгрунтоўвае прапанову аб размяшчэнні ў г. Магілёве завода пасажырскіх ліфтаў, прынятую Дзяржпланам БССР 13 кастрычніка 1966 г. 10 лютага 1966 г. Дзяржплан БССР прымае прапанову В.Ф. Мядзведзева аб размяшчэнні завода будаўнічых металаканструкцый Міністэрства мантажных і спецыяльных работ СССР у г. Маладзечне. 28 кастрычніка 1966 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Калегіі Дзяржплана БССР з удзелам кіраўніцтва Саўнаргаса, дырэкцыі Трэцяга Салігорскага калійнага камбіната, кіраўнікоў аддзелаў і спецыялістаў Дзяржплана, на якім была прынята прапанова В.Ф. Мядзведзева і калег аб будаўніцтве ў бягучай пяцігодцы, пачынаючы з 1968 г, рудніка Чацвёртага калійнага камбіната. 27 красавіка 1967 г. Калегія Дзяржгшана БССР прыняла прапанову В.Ф. Мядзведзева і М. М. Шатохіна, узгодненую з Міністэрствам рыбнай прамысловасці СССР, аб будаўніцтве ў рэспубліцы ў 1968--1970 гг. рыбаапрацоўчага камбіната, магутнасцю 28,0 т у суткі гатовай прадукцыі, з размяшчэннем яго ў г. Мінску.
Віталій Фядосавіч спалучаў навуковыя даследаванні і распрацоўкі з практыкай развіцця эканомікі краіны. Аб фундаментальнасці такога спалучэння, аб шырыні і комплекснасці ахопу праблем сведчаць Генеральныя схемы размяшчэння вытворчых сіл і комплекснага развіцця народнай гаспадаркі Беларусі, распрацаваныя калектывам вучоных пад яго навуковым кіраўніцтвам. У іх рэалізоўваліся яго навуковыя ідэі і вынікі даследаванняў: канцэпцыя размяшчэння вытворчых сіл і рэгіянальнага развіцця Беларусі, на іх базе распрацоўваліся пяцігадовыя і гадавыя планы.
Па ініцыятыве В.Ф.Мядзведзева, М. Л. Палонскага і М. М. Іппа было падрыхтавана абгрунтаванне стварэння (на базе Аддзела эканоміка-матэматычных метадаў) Вылічальнага цэнтра пры Дзяржплане, які быў створаны 21 верасня 1961 г. Вылічальны цэнтр быў аснашчаны неабходнай тэхнікай, кадрамі эканамістаў матэматыкаў спецыялістаў у галіне вылічальнай тэхнікі, выканаў шэраг важных, у асноўным галіновых планава-эканамічных разлікаў
У 1965 г. у краіне былі ліквідаваны саўнаргасы -- аснова рэгіянальнай сістэмы кіравання эканомікай -- і зноў створаны галіновыя міністэрствы і ведамствы -- сімвалы цэнтралізацыі ўлады. Саюзныя рэспублікі, эканамічныя раёны СССР, страціўшы рычагі кіравання рэгіянальным развіццём, шукалі формы і метады захавання тэрытарыяльнай сістэмы арганізацыі эканомікі на сваіх тэрыторыях. Такая форма была знойдзена. Генеральныя схемы размяшчэння прадукцыйных сіл і комплекснага развіцця гаспадаркі саюзных рэспублік і эканамічных раёнаў былі прызнаны адным з асноўных рычагоў рэгулявання працэсаў рэгіянальнага развіцця на канкрэтных тэрыторыях. Адначасова з гэтым узнікла новая форма -- прагназаванне і праграмна-мэтавае планаванне.
Кіраўніцтва рэспублікі (Пастанова СМ БССР ад 18 мая 1965 г, № 235) прыняло рашэнне стварыць на базе Вылічальнага цэнтра Навукова-даследчы інстытут эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання (НДІЭМП) і сканцэнтраваць у ім перадпланавыя (прагнозныя) даследаванні комплекснага развіцця народнай гаспадаркі Беларусі. Інстытут быў створаны 18 мая 1965 г.
У 1967 г. В.Ф. Мядзведзева прызначаюць на пасаду дырэктара Інстытута эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання. 3 Дзяржплана функцыі распрацоўкі Генеральных схем развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл перадаюцца НДІЭМП. У НДІЭМП Віталій Фядосавіч разгарнуў інтэнсіўныя даследаванні ў галіне мадэлявання эканамічных сістэм і многаварыянтнага прагназавання. Распрацаваны ў інстытуце пад яго кіраўніцтвам комплекс эканоміка-матэматычных метадаў і мадэлей склаў навуковую аснову распрацоўкі Генеральных схем размяшчэння прадукцыйных сіл Беларусі на перыяд да 1980 г з болып падрабязным абгрунтаваннем на 1971--1975 гг, а затым на перыяд да 1990 г. Комплекс дазваляў рашаць складаныя мнагафактарныя задачы развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл.
У другой палове 70-х гг. XX ст. В.Ф. Мядзведзеў быў пераведзены на пасаду дырэктара Беларускага інстытута інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў створанага ў 1974 г. на базе Інстытута НТІ інфармацыі і прапаганды.
В.Ф. Мядзведзеў удзельнічаў у фарміраванні новага інстытута -- БелНДІНТІ і новага навуковага напрамку -- у стварэнні АС НТІ Беларусі. У 1976 г. ДКНТ і АН СССР зацвярджаюць яго навуковым кіраўніком распрацоўкі адзінай АС НТІ саюзных рэспублік. Такім чынам, у другой палове 70-х гг. сфера навуковых інтарэсаў Віталія Фядосавіча пашырылася і была звязана з распрацоўкай інфармацыйных сістэм, інфарматызацыяй навукова-тэхнічнага прагрэсу і сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Пад яго навуковым кіраўніцтвам і з удзелам 15 інстытутаў інфармацыі саюзных рэспублік распрацоўваецца рэгіянальная аўтаматызаваная сістэма навукова-тэхнічнай інфармацыі СССР, якая ўводзіцца ў эксплуатацыю ў 1981 г. Саюзныя рэспублікі ўключаюцца ў адзіную сістэму навукова-тэхнічнай інфармацыі СССР Стварэнне АС НТІ дало магчымасць распрацоўкі сістэмы прагнознай інфармацыі.
Навуковая дзейнасць В.Ф. Мядзведзева ў наступныя, 80-я гг, канцэнтруецца на распрацоўцы сістэмы прагнознай інфармацыі, фарміраванні і развіцці замежнай інфармацыі, на стварэнні сістэмы праблемна-арыентаванай інфармацыі органаў кіравання рэспублікі.
Праз некаторы час В.Ф. Мядзведзеў ініцыіруе адраджэнне прагнастычнага напрамку навукі і навуковых калектываў прагназістаў. Ён аб'ядноўвае вакол сябе таленівітых вучоных Мінска, Масквы, Санкт-Пепярбурга, Кіева, Вільнюса, Таліна, Рыгі, Баку, Ерэвана, Ташкента, Сафіі, Варшавы, Будапешта і Прагі, якія прапуюць у галіне тэорыі, метадалогіі і практыкі прагназавання, што базіруюцца на эканоміка-матэматычных метадах і сучасным інструментарыі.
Прызнаннем сур'ёзнага ўкладу ў навуку з'явілася выбранне ў 1984 г. В.Ф. Мядзведзева членам-карэспандэнтам НАН Беларусі па спецыяльнасці «эканоміка".
В.Ф. Мядзведзеў шматразова прадстаўляў эканамічную навуку краіны на міжнародных кангрэсах, сімпозіумах, навуковых канферэнцыях, семінарах у Аўстрыі, Францыі, Фінляндыі, ЗША, Швейцарыі, Югаславіі, Польшчы і іншых краінах. Болып за два дзесяткі яго дакладаў апублікавана за мяжой, у матэрыялах ААН.
Доўгія гады вучоны ў шэрагу сваіх прац, дакладаў выступаў з аргументаванымі абгрунтаваннямі карэннай змены сістэмы планавання, асабліва на рэгіянальным узроўні. Яго навуковыя ідэі сугучны з сучаснымі працэсамі перабудовы эканомікі, кіравання ёю.
Вынікі даследаванняў у галіне метадалогіі рэгіянальнага планавання былі абагульнены В.Ф. Мядзведзевым у манаграфіі "Удасканаленне рэгіянальнага планавання" (Мінск, 1979).
У 80-я гг. XX ст пачынаецца распрацоўка Комплекснай праграмы навукова-тэхнічнага прагрэсу на перыяд да 2000 г., у складанні якой прымаюць удзел сотні вучоных-прагназістаў У рэспубліцы распрацоўку Комплекснай праграмы НТП ажыццяўляе НАН Беларусі сумесна з Дзяржпланам, рабочым органам выступае Інстытут эканомікі НАН Беларусі. У 1998--1999 гг. вучоны прымае ўдзел у распрацоўцы КП НТП на перыяд да 2020 г
Віталію Фядосавічу ўласцівы глыбокі дэмакратызм, інтэлігентнасць, мяккасць і прастата ў адносінах з калегамі і вучнямі. Тым не менш, гэта не перашкаджае яму праяўляць прынцыповасць у навуковых спрэчках, у працэсах пошуку і абароны ісціны, у барацьбе за ўвасабленне прагрэсіўных ідэй у жыццё.
У 1998 г. у НАН Беларусі В.Ф. Мядзведзеў стварыў новы навуковы напрамак -- даследаванне сусветнай эканомікі і распрацоўку нацыянальнай мадэлі міжнародных эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь з сусветнай супольнасцю, ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва Цэнтрам сусветнай эканомікі і міжнародных адносін Інстытута эканомікі НАН Беларусі, распрацоўку нацыянальных праграм развіцця экспарту.
Атрыманы новыя вынікі, распрацаваны новыя праграмы, сярод якіх: "Нацыянальная праграма развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2000--2005 гг.", адобраная Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 93 ад 28 лютага 2000 г. і "Нацыянальная праграма развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2006--2010 гг.", зацверджаная пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1081 ад 30 верасня 2005 г.; "Нацыянальная праграма развіцця турызму Рэспублікі Беларусь на 2001--2005 гг., зацверджаная Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь № 2026 ад 29 снежня 2000 г.; "Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г."; "Прагнозы сацыяльна-эканамічных наступстваў далучэння Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі". У гэтых праграмных дакументах знайшлі адлюстраванне ідэі і канцэпцыі вучонага аб рэалізацыі суверэнітэту краіны ў знешняй эканамічнай дзейнасці, аб фарміраванні рэгіянальна-краінавай арыентацыі і прыярытэтных напрамках у развіцці міжнародных эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі.
Зараз В. М. Мядзведзеў узначальвае распрацоўку праграмы "Нацыянальная мадэль міжнародных эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь з сусветнай супольнасцю"; удзельнічае ў распрацоўцы праграмы "Нацыянальная бяспека Рэспублікі Беларусь у сферы знешняй эканамічнай дзейнасці".
Шмат увагі В.Ф. Мядзведзеў аддае падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў. Ён многія гады з'яўляецца прафесарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. 3 1962 г. ажыццяўляе падрыхтоўку навуковых кадраў -- дактароў і кандыдатаў навук па праблемах размяшчэння прадукцыйных сіл, па матэматычных метадах у эканамічных даследаваннях, па сусветнай эканоміцы і міжнародных эканамічных адносінах. Ім падрыхтавана 9 дактароў і 34 кандыдаты навук, якія працуюць сёння ў розных сферах Рэспублікі Беларусь і ў замежных краінах.
Выдатны вучоны, які валодае прагнозным бачаннем эканамічных праблем, Віталій Фядосавіч працягвае прапаноўваць новыя ідэі, вядзе актыўную даследчую дзейнасць, накіраваную на рэалізацыю суверэнітэту краіны ў галіне міжнародных эканамічных адносін і ўваходжання рэспублікі ў сусветна-гаспадарчыя працэсы.
Віншуючы са знамянальным юбілеем, жадаем Вам, Віталій Фядосавіч, моцнага здароўя, творчых поспехаў, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.
/ Publications / Scientific Journals / Back to Top of Page
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: October 25, 2008
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2008 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2008 The Belaruskaya Navuka Publishing House