Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Гісторыя Акадэміі навук

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (раней: Беларуская акадэмія навук у 1928-1936 гг.; Акадэмія навук Беларускай ССР у 1936-1991 гг.; Акадэмія навук Беларусі ў 1991-1997 гг.) заснавана на базе навукова-даследчай і культурна-грамадскай установы Рэспублікі – Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) (1922-1928 гг.), які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук пастановай Цэнтральнага Выканаўчага камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 13 кастрычніка 1928 г.

Постановление

Урачыстае адкрыццё Акадэміі навук адбылося ў Мінску 1 студзеня 1929 г., у дзясятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР. Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў гісторык прафесар У.М. Ігнатоўскі.
На дзень адкрыцця штат Акадэміі навук складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. Аднак з самага пачатку Акадэмія навук стала вядучым навуковым цэнтрам, які ўплывае на эканамічнае, тэхналагічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё Беларусі. Да пачатку 1941 г. у Акадэміі навук працавала каля 750 чалавек. У яе структуры было 12 навукова-даследчых устаноў, з іх 9 інстытутаў.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) нармальная дзейнасць Акадэміі навук была перапынена. Частка навукоўцаў працягвала свае даследаванні ў інстытутах Расіі і іншых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза. Многія супрацоўнікі Акадэміі навук прынялі ўдзел у ваенных дзеяннях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
За гады вайны Акадэміі навук, як і ўсёй народнай гаспадарцы Беларусі, быў нанесены велізарны ўрон. Навуковыя лабараторыі, абсталяванне, будынкі, фонды бібліятэкі былі спалены ці разрабаваны. У 1945 г. агульная колькасць супрацоўнікаў Акадэміі навук складала 360 чалавек.
Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 г. да пачатку 1945 г. восем акадэмічных інстытутаў аднавілі сваю дзейнасць, а ў 1951 г. у Акадэміі навук налічвалася ўжо 29 навукова-даследчых устаноў, з іх 16 інстытутаў. Агульная колькасць супрацоўнікаў дасягнула 1234 чалавек, у Акадэміі навук працавалі 33 акадэмікі, 27 членаў-карэспандэнтаў, 55 прафесараў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук.

Игнатовский
У.М. Ігнатоўскі — першы прэзідэнт Акадэміі навук

Профіль далейшых навукова-даследчых работ Акадэміі навук складваўся пад уплывам змен у структуры народнай гаспадаркі рэспублікі, патрэбнасцей развіцця навукі, існуючых традыцый і наяўнага навуковага патэнцыялу. Развіццё Акадэміі навук і падрыхтоўка спецыялістаў для яе інстытутаў ажыццяўляліся пры падтрымцы ўрадаў Беларусі і СССР, а таксама вядучых навуковых цэнтраў Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў былога Савецкага Саюза.
У 1997 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1997 г. №281 "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" Акадэмія навук была ператворана ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі са статусам вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыі Беларусі, адказнай за каардынацыю і правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў.

Орден
5 жніўня 1975 г. Акадэмія навук БССР узнагароджана ордэнам Дружбы народаў

У мэтах умацавання статусу і павышэння адказнасці за развіццё навукі Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. №7 на НАН Беларусі ўскладзены функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па некаторых пытаннях фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, развіцця інфарматызацыі і сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, кантролю за эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў, што выдзяляюцца на фінансаванне навуковых даследаванняў і распрацовак, а таксама правядзення навукова-тэхнічнай экспертызы. Для эфектыўнага рашэння задач, якія стаяць перад НАН Беларусі, у яе склад былі ўключаны Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн міжгаліновага машына- і прыборабудавання, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі, створаны іншыя арганізацыйныя структуры.

Орден
5 снежня 1978 г. Акадэмія навук БССР узнагароджана ордэнам Леніна

За шматгадовую гісторыю ў НАН Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі вучоныя з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Буйныя навуковыя вынікі атрыманы практычна па ўсіх напрамках навуковых даследаванняў і распрацовак, шырока вядомыя і атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і за мяжой. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я. Р. Канавалава (фізіка, 1972), А. А. Ахрэма (хімія, 1975), М. А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф. І.Фёдарава (фізіка, 1980), В. І. Вацякова (медыцына, біялогія, 1986), У. С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991) і кандыдата хімічных навук В. А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) у былым СССР зарэгістраваны ў якасці навуковых адкрыццяў.