Асноўнай формай падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з моманту яе заснавання з'яўляецца аспірантура. 23 снежня 1930 г. у мэтах планамернай падрыхтоўкі навуковых кадраў у Рэспубліцы і паляпшэння навукова-метадычнага кіраўніцтва гэтай дзейнасцю Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову "Аб падрыхтоўцы аспірантаў", згодна з якой падрыхтоўка аспірантаў была сканцэнтраваная пры Беларускай акадэміі навук. 12 студзеня 1931 г. у сістэме Акадэміі навук быў створаны Інстытут аспірантуры, да якога былі прыкамандзіраваны аспіранты з вышэйшых навучальных устаноў. Прынята лічыць, што з гэтага часу ў Беларусі пачалася планамерная падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
У цяперашні час арганізацыйна-метадычныя і каардынуючыя функцыі па падрыхтоўцы навуковых кадраў праз аспірантуру ў навуковых арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ажыццяўляе Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў, створаны ў 2001 г. Па стане на 1 студзеня 2017 г. у аспірантуры НАН Беларусі праходзілі падрыхтоўку 533 супрацоўніка НАН Беларусі і спецыяліста народнай гаспадаркі Рэспублікі , у тым ліку 294 – па вочнай ,105 – па завочнай форме навучання, у парадку суіскання – 134 аспіранты працавалі над кандыдацкімі дысертацыямі. У аспірантуры НАН Беларусі навучаецца 11 замежных грамадзян з Ірана, Казахстана, Кітая, Сірыі, Туркменістана. Навуковыя арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадастаўляюць сёння магчымасці падрыхтоўкі ў аспірантуры па шырокаму колу спецыяльнасцяў i галін навукі, пералічаных ніжэй.