Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.02.2020

Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі правядзе Міжнародны беларуска-венгерскі семінар «Аздараўленчы турызм»

10 лютага 2020 г. у 13:00 Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі праводзіць Міжнародны беларуска-венгерскі семінар «Аздараўленчы турызм» (зала пасяджэнняў Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, аўд. 216). У рабоце семінара прымуць удзел беларускія і венгерскія вучоныя, прадстаўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спецыялісты па аздараўленчым турызме, прадстаўнікі санаторна-курортных устаноў (санаторыя «Іслач» НАН Беларусі, даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Санаторый Крыніца», санаторыя «Альфа Радон» і інш.).

Асноўная мэта правядзення семінара – вызначыць значнасць аздараўленчага турызму для Беларусі і Венгрыі, паколькі абедзве краіны маюць лячэбныя фізічныя фактары, багатыя прыродныя і культурныя рэсурсы, вялізны патэнцыял для развіцця аздараўленчага турызму не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне надаецца працягу навуковых даследаванняў мінеральных і тэрмальных водаў, эфектыўнасці іх выкарыстання для аздараўлення чалавека, павышэнню інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях аздараўленчага турызму.

Плануецца, што ў семінары прыме ўдзел спадар Жолт Чутора, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Беларусі.