Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.02.2020

Адбыўся Навукова-тэхнічны савет па праграме «ДНК-ідэнтыфікацыя»

27 лютага 2020 г. у НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Навукова-тэхнічнага савета Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы «Распрацоўка інавацыйных генагеаграфічных і геномных тэхналогій ідэнтыфікацыі асобы і індывідуальных асаблівасцей чалавека на аснове вывучэння генафондаў рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы» («ДНК-ідэнтыфікацыя»). У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі НАН Беларусі, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і выканаўцы Праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя». На пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні ходу рэалізацыі Праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя», навуковай і прыкладной ацэнкі атрыманых у 2019 годзе вынікаў, міждзяржаўнага ўзаемадзеяння калектываў выканаўцаў Праграмы, перспектыў укаранення вынікаў, атрыманых падчас рэалізацыі Праграмы, у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама маніторынгу рэалізацыі Праграмы, праведзенага Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы.

Як паведаміў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Кільчэўскі, беларускія і расійскія вучоныя працуюць над новай праграмай («ДНК-ідэнтыфікацыя 2», якую змогуць прымяняць у сваёй дзейнасці і праваахоўныя органы. Па яго словах, методыка, якая распрацоўваецца па праграме Саюзнай дзяржавы, спросціць задачу паглыбленага вывучэння біялагічных якасцей розных аб’ектаў. Кільчэўскі адзначыў, што яна можа дапамагчы крыміналістам і следчым, паколькі ўстанаўленне біялагічных якасцей з’яўляецца важным этапам пры расследаванні ўсякіх злачынстваў: незаконнай вырубкі лесу, фальсіфікацыі прадуктовых тавараў, у тым ліку з мяса і рыбы, браканьерства і распаўсюджання наркотыкаў.

Фота газета Навука


Тэгi
#саветы