Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.03.2020

Беларускія палярнікі ў Антарктыдзе атрымалі ўнікальны навуковы матэрыял

Удзельнікам 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) удалося атрымаць унікальны навуковы матэрыял – узяты рэкордны палеагеаграфічны керн (узор горнай пароды, здабыты са свідравіны спосабам спецыяльнага бурэння).

Як паведаміў начальнік БАЭ Аляксей Гайдашоў, у рамках навуковай праграмы па даследаванні змен прыроднага асяроддзя і клімату Зямлі Эндэрбі пад уплывам антрапагенных і прыродных фактараў на возеры Ніжняе (у раёне Беларускай антарктычнай станцыі) праведзены работы па здабыванні палеагеаграфічнага керну, які складаецца з тоўшчы бактэрыяльных матаў і донных адкладаў. Па арыгінальнай (уласнай) методыцы, распрацаванай супрацоўнікамі БАЭ, Аляксеем Гайдашовым і Аляксеем Хаткевічам, з комплексным выкарыстаннем тэхналагічнай аснасткі і спецыяльнага рыштунку ўдалося ўзяць рэкордны для дадзенага рэгіёна Антарктыды керн з поўным вертыкальным разрэзам бактэрыяльных матаў і донных адкладаў, аж да падсцілачных карэнных горных парод, што ўтвараюць пярвічнае дно возера Ніжняе. Вышыня напаўнення калонкі керну – 1 м 95 см, прыблізны ўзрост ніжняй часкі керну можа складаць ад 14 да 20 тысяч гадоў. Вывучэнне здабытага ўзору дазволіць характарызаваць розныя бакі фізіка-геаграфічных умоў геалагічнага мінулага і прыродна-кліматычнага развіцця дадзенага рэгіёна Антарктыды ад апошняга ледавіковага максімуму да цяперашняга часу. Паводле рэкамендацый беларускіх і расійскіх спецыялістаў, пасля ўзяцця керну была праведзена яго глыбокая замарозка. Для часовага захоўвання керну ў раёне ледавіка Хейса абсталявана ледзяная штольня. Тэхнічнае забеспячэнне работ па здабыванні керну ажыццяўлялі ўсе супрацоўнікі 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, выконваючы заданні Дзяржпраграмы на беларускай антарктычнай станцыі Гара Вечаровая.

Вялікую зацікаўленасць у сумеснай працы па вывучэнні ўнікальнага навуковага матэрыялу выказалі расійскія спецыялісты Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы «Арктычны і антарктычны навукова-даследчы інстытут» Расгідрамета і Інстытута геаграфіі Расійскай акадэміі навук. У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне транспартна-лагістычнай схемы па бяспечнай транспарціроўцы керну.