Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.03.2020

Адбыўся форум навуковай моладзі «Шлях у навуку»

17 сакавіка 2020 г. у НАН Беларусі адбыўся форум навуковай моладзі «Шлях у навуку», арганізаваны Саветам маладых вучоных Акадэміі навук. Мэта форуму – павышэнне эфектыўнасці і ініцыятыўнасці маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіццё лідарскіх якасцей для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, ВНУ, магістранты, аспіранты, вучнёўская моладзь.

Падчас выступлення на ўрачыстым адкрыцці форуму першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык адзначыў: «У Акадэміі навук кожны трэці навуковы работнік – гэта вучоны ва ўзросце да 35 гадоў. Таму задача прыцягнення моладзі ў навуку атрымлівае новы змест, а іменна – якаснае павышэнне яе патэнцыялу і прафесійны рост. Штогод у арганізацыі НАН Беларусі прыходзяць на працу больш за 300 маладых спецыялістаў. Больш за 2/3 з іх (каля 70 %) папаўняюць шэрагі даследчыкаў». Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец падкрэсліў, што правядзенне форуму навуковай моладзі «Шлях у навуку» з’яўляецца сімвалічным, паколькі ён «накіраваны на тое, каб аб’яднаць навучэнцаў, студэнтаў, маладых супрацоўнікаў. Савет маладых вучоных працуе з сярэднімі і вышэйшымі навуковымі ўстановамі, каб як мага актыўна прыцягваць моладзь да навукова-даследчай дзейнасці».

Форум навуковай моладзі «Шлях у навуку» – гэта інтэнсіўны курс лекцый вядучых вучоных па арганізацыі навуковай дзейнасці ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Рэспубліцы Беларусь, публікацыі навуковых вынікаў, падрыхтоўцы і абароне дысертацый, кіраванні навуковымі праектамі. Так, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок расказаў маладым даследчыкам пра праблемы і перспектывы атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Сярод тых, хто падзяліўся сваім вопытам навуковай дзейнасці, – старшыня навуковага Савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (БРФФД) акадэмік Сяргей Гапоненка, рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Марат Жылінскі і другія.

Фота С. Дубовік, газета Навука