Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.05.2020

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі стартаваў віртуальны праект «Насустрач Перамозе»

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі стартаваў віртуальны праект «Насустрач Перамозе» – рэсурс, закліканы нагадаць пра падзеі ваенных гадоў. Пры дапамозе архіўных дакументаў, фотаздымкаў і перыядычных выданняў 1940-х гг., якія захоўваюцца ў фондзе ЦНБ НАН Беларусі, аўтары пастараліся ўзнавіць вобразы ўдзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны. У праекце прадугледжаны раздзелы «Наша Акадэмія», «Я помню! Я ганаруся!», «Жанчына на вайне», віртуальныя выставы «Палявая пошта», «Па старонках газет 1941–1945 гг.» і інш.

Пра самаадданую працу ў тыле і на перадавой, пра аднаўленне Акадэміі навук і яе дзейнасць у вызваленым Мінску даведаемся, гартаючы пажоўклыя старонкі газет таго часу ў раздзеле «Наша Акадэмія». У часе Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць Акадэміі навук БССР была перарваная. Да пачатку 1942 г. супрацоўнікі былі эвакуіраваныя, значная група выехала ва Узбекскую ССР. Сярод вучоных Акадэміі нямала тых, хто прыняў удзел у ваенных дзеяннях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хто змагаўся на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі. Акадэміі навук за гады вайны быў нанесены вялізны ўрон: навуковыя лабараторыі, абсталяванне, будынкі, фонды бібліятэкі былі спалены або разрабаваны. Але даследчыкі і ў эвакуацыі працягвалі рабіць вялікі ўнёсак у развіццё абарончай прамысловасці і другіх галін народнай гаспадаркі.

У дадатку «Я помню! Я ганаруся!» размешчаны звесткі пра супрацоўнікаў бібліятэкі-ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. База даных папаўняецца звесткамі пра родзічаў і блізкіх тых, хто працуе ў бібліятэцы сёння і можа падзяліцца інфармацыяй пра сваіх сваякоў-удзельнікаў вайны. Акрамя асабістых звестак, якімі валодаюць нашы калегі, інфармацыю можна знайсці на сайтах «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Партызаны Беларусі» і другіх. Ні адзін нумар перыядычных выданняў ваеннага ліхалецця не пакідае ўбаку тэму «жанчыны на вайне». Савецкім жанчынам, удзельніцам Вялікай Айчыннай вайны, прысвячаецца аднайменны раздзел праекта. Віртуальная выстава «Палявая пошта» знаёміць з калекцыяй паштовак і паштовай паперы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, што захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. І падчас вайны выпускаліся паштоўкі, паштовая папера, канверты, большасць з якіх была з тэматычнымі малюнкамі баявых дзеянняў і гераічнай працы ў тыле, на некаторых друкаваліся словы папулярных песень.

Асобныя нумары перыядычных выданняў часу Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.) у свабодным доступе размешчаны ў рэпазіторыі ЦНБ НАН Беларусі. Пра падзеі на тэрыторыі БССР у перыяд 1942–1944 гг. можна прачытаць на старонках газет «В бой за Родину» (1942), «Партизан Белоруссии» (1943), «Партызанскае слова» (1943), «Большэвік Палесся» (1943), «Чырвоны сцяг» (1943), «Чырвоная змена» (1943), «Чырвоная звязда» (1943, 1944), «Чырвоны партызан» (1944), «Уперад» (1943, 1944) і многіх другіх.

Праца над праектам працягваецца.

Тэгi
#юбілеі