Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.05.2020

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам прэміі імя акадэміка Капцюга 2020 года

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам прэміі імя акадэміка Капцюга 2020 года за цыкл прац «Кіраванне ў рэсурсазберагальных тэхналогіях наследаваннем уласцівасцей і забеспячэннем якасці матэрыялаў і паверхняў вырабаў». Такое рашэнне прынята 29 мая 2020 года на пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі.

З беларускага боку лаўрэатамі сталі: Сяргей Чыжык, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік, доктар тэхнічных навук, прафесар; Таццяна Кузняцова, намеснік загадчыка лабараторыі нанапрацэсаў і тэхналогій Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава НАН Беларусі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт; Уладзімір Барадаўка, генеральны дырэктар ААТ «НВА Цэнтр»; Міхаіл Хейфец, дырэктар Інстытута прыкладной фізікі НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар; Мікалай Грэцкі, начальнік сектара навукова-тэхнічных праграм і праектаў ААТ «НВА Цэнтр».

З расійскага боку прэмія прысуджана Анатолію Батаеву, рэктару Навасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктару тэхнічных навук, прафесару; Аляксею Паніну, загадчыку лабараторыі фізікі паверхневых з’яў Інстытута фізікі трываласці і матэрыялазнаўства Сібірскага аддзялення РАН, доктару фізіка-матэматычных навук, дацэнту; Аляксею Калмакову, вядучаму навуковаму супрацоўніку Інстытута фізікі трываласці і матэрыялазнаўства Сібірскага аддзялення РАН, члену-карэспандэнту РАН, доктару тэхнічных навук; Андрэю Крэчатаву, рэктару Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Ц.Ф. Гарбачова, кандыдату тэхнічных навук, дацэнту і Валерыю Блюменштэйну, прафесару кафедры тэхналогіі машынабудавання Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Ц.Ф. Гарбачова, доктару тэхнічных навук.

Фундаментальныя вынікі работы сібірскіх і беларускіх вучоных знайшлі шырокае прымяненне пры праектаванні, вытворчасці і эксплуатацыі высоканагружанага абсталявання для здабычы цвёрдых карысных выкапняў на поўначы Сібіры і перапрацоўцы мінеральнай сыравіны ў Беларусі (ААТ «НВА Цэнтр» НАН Беларусі), пры працяглай эксплуатацыі, абслугоўванні і рамонце вялікагрузнай кар’ернай тэхнікі і горна-шахтавага абсталявання ў Кузбасе (КузДТУ імя Ц.Ф. Гарбачова), для вытворчасці прыбораў і распрацоўкі методык аналізу структур матэрыялаў і паверхняў у Беларусі і Расіі (ІЦМА імя А.В. Лыкава НАН Беларусі), пры аналізе страты рэсурсу і папярэджанні разбурэнняў адказных дэталей (ІФТМ СА РАН), а таксама праектаванні нанатэхналогій, матэрыялаў і вырабаў медыцынскага і спецыяльнага прызначэння (НДТУ).


Тэгi
#прэміі