Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.06.2020

Беларускія і расійскія вучоныя аб’яднаюць намаганні ў барацьбе з COVID-19

10 чэрвеня 2020 года адбылася Міжнародная відэаканферэнцыя НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук «Каранавірусная інфекцыя: фундаментальныя, клінічныя і эпідэміялагічныя аспекты. Сацыяльна-эканамічныя выклікі ахове здароўя». Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, акадэмік РАН Аляксандр Сяргееў і Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Перад пачаткам мерапрыемства Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што «гэта першая відэаканферэнцыя з калегамі з Расійскай акадэміі навук, прысвечаная барацьбе з каранавірусам. У Беларусі ёсць шэраг супрацьвірусных прэпаратаў, створаных нашымі вучонымі, але яны распрацоўваліся да пандэміі, таму маюць агульнае супрацьвіруснае прызначэнне. Зараз мы працуем над стварэннем спецыялізаваных прэпаратаў (вакцыны) для барацьбы з COVID-19, і важна, на мой погляд, аб’яднаць намаганні, каб узмацніць эфектыўнасць распрацовак. Нашым краінам належыць распрацаваць план сумеснай дзейнасці на 2020—2021 гады».

«Мы ўжо дамаўляліся пра тое, каб параўнаць схільнасць беларусаў і расіян да заражэння каранавірусам. Ёсць некаторая спецыфіка, магчыма, вы ў інтэрнэце сустракалі інфармацыю, што па-рознаму хварэюць кітайцы, італьянцы і г.д. Гэтую спецыфіку мы і хочам вывучыць з расійскімі калегамі», – патлумачыў прадстаўнікам СМІ намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі.

Ад НАН Беларусі на Міжнароднай відэаканферэнцыі з дакладамі выступілі: дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі, акадэмік Аляксандр Більдзюкевіч, дырэктар Інстытута фізіялогіі Сяргей Губкін, дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі Святлана Бабіцкая, дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Андрэй Ганчароў. Пра супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных у рамках Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук расказаў акадэмік Пётр Віцязь.

Удзельнікі відэаканферэнцыі разгледзелі фундаментальныя аспекты вывучэння каранавіруснай інфекцыі, распрацоўку новых тэхналогій прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння, сучасныя падыходы да выпрацоўкі комплексных стратэгічных рашэнняў па рабоце ў неспрыяльных умовах, а таксама новыя напрамкі даследаванняў НАН Беларусі і РАН па барацьбе з COVID-19.

Фота С. Дубовік, газета Навука