Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.06.2020

Прайшла прэс-канферэнцыя «Фундамент эканомікі будучыні. Развіццё нанатэхналогій і нанаіндустрыі ў Рэспубліцы Беларусь: рэалізацыя праектаў»

16 чэрвеня 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Фундамент эканомікі будучыні. Развіццё нанатэхналогій і нанаіндустрыі ў Рэспубліцы Беларусь: рэалізацыя праектаў». Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума, акадэмік НАН Беларусі Сяргей Чыжык, дырэктар Інстытута прыкладной фізікі НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук Міхаіл Хейфец, выканаўчы дырэктар Рэспубліканскай асацыяцыі нанаіндустрыі (РАНІ), вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Аляксей Труханаў.

Сяргей Чыжык расказаў пра міжгаліновы характар нанатэхналагічных распрацовак: «Нана пранікае практычна ва ўсе сферы: медыцыну, біятэхналогіі, электроніку і іншыя. Тыя прадпрыемствы, тыя вытворцы, якія хочуць быць канкурэнтаздольнымі, вядуць пошук у нанамаштабе. Гэта цяжкадасягальны ўзровень. Тут патрэбны спецыяльна навучаныя людзі, абсталяванне». У Беларусі выдзяляецца сем нанатэхналагічных кластараў: па нанавугляродных матэрыялах, мікраэлементных нанапрэпаратах, мембранавых тэхналогіях, магнітных матэрыялах і пакрыццях, нанадыягностыцы і зондавых тэхналогіях для сканіравання.

Аляксей Труханаў адзначыў важнасць асваення нанатэхналогій у вытворчых працэсах, пра што сведчыць сусветны вопыт. У сувязі з гэтым Беларусі неабходна надаваць пільную ўвагу таксама комплекснаму развіццю нанатэхналогій і нанаіндустрыі.

Фота С. Дубовік, газета Навука