Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2020

Старт 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

19 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

У гэтым годзе на лядовы кантынент адправяцца дзесяць удзельнікаў, сярод якіх спецыялісты, што ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (5 чалавек), і навічкі. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная праца па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі – Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі.

У складзе Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) сезона 2020-2021 гг. навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», Інстытута прыкладной фізікі, Інстытута прыродакарыстання), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны: Аляксей Гайдашоў – кіраўнік экспедыцыі; Уладзімір Несцяровіч – начальнік сезоннай палявой базы; Павел Растоў – галоўны спецыяліст (механік); Ягор Корзун – вядучы спецыяліст (біёлаг-эколаг); Сяргей Люты – вядучы спецыяліст (загадчык вытворчасці харчавання); Уладзіслаў Базылевіч – вядучы спецыяліст (фізіка атмасферы); Леанід Нікіцюк – урач-хірург-анестэзіёлаг вышэйшай катэгорыі; Сяргей Зубрыцкі – вядучы спецыяліст (электрык-энергетык, спецыяліст па сродках УКХ і КХ сувязі); Павел Шаблыка – вядучы спецыяліст (геафізік) і Мікалай Зінькевіч – вядучы спецыяліст (праграміст).

Выступаючы на мерапрыемстве, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык падкрэсліў, што асноўная мэта сёлетняй экспедыцыі – атрыманне новых ведаў. У ходзе папярэдніх экспедыцый нашымі вучонымі былі атрыманы важныя рэзультаты, прызнаныя сусветнай антарктычнай супольнасцю. Так, напрыклад, створаны ўнікальныя для Антарктыды базавы апаратурны комплекс і метадычнае забеспячэнне для эксперыментальнай комплекснай дыстанцыйнай наземнай і спадарожнікавай сістэмы маніторынгу атмасферы і снежнай паверхні, якія знайшлі прымяненне ў нацыянальных і міжнародных праектах. У Антарктыдзе ў раёне гары Вячэрняй у супрацоўніцтве з Лільскім універсітэтам усталявана і выкарыстоўваецца для рэгулярных назіранняў радыёметрычная сістэма, уключаная ў глабальную радыёметрычную сетку AERONET. Упершыню для ўсходняга сектара Антарктыкі створана база даных па таксанамічным саставе флоры і фаўны марскіх, прэснаводных і наземных экасістэм. «Адкрыты новыя для навукі віды беспазваночных. Упершыню для раёна мелкаводнага шэльфа мора Касманаўтаў (дзе базіруецца наша станцыя) знойдзены іх прамысловыя запасы, у прыватнасці, марскіх вожыкаў, шчыльнасць якіх дасягае 60 экз/м2. Сабрана эталонная калекцыя імхоў і лішайнікаў (захоўваецца ў гербарыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі), якая з’яўляецца навуковым аб’ектам, што складае Нацыянальны набытак Рэспублікі Беларусь. Вызначаны высокія перспектывы раёна размяшчэння БАС на карысныя выкапні (жалеза, каляровыя і высакародныя металы і інш.), у тым ліку на вуглевадароды ў прыбярэжнай частцы дна мораў», – адзначыў Сяргей Чыжык. І гэта не поўны пералік навуковых дасягненняў нашых вучоных у складзе Беларускіх антарктычных экспедыцый.

За час папярэдніх экспедыцый была закладзена аснова нашай станцыі. Уведзены ў строй спецыялізаваныя модульныя аб’екты, створаныя ў Беларусі. Плануецца, што да 2021-2022 гг. першая чарга станцыі будзе гатовая да прыёму круглагадовых навуковых экспедыцый. Пачатак эксплуатацыі станцыі, якая забяспечвае правядзенне сезонных і круглагадовых навуковых даследаванняў і маніторынгу стану прыроднага асяроддзя Антарктыкі, з’яўляецца важным прававым фактарам, што вызначае прысутнасць нашай дзяржавы ў Антарктыдзе.

20 кастрычніка 2020 года члены 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі выедуць у Санкт-Пецярбург, туды ж будуць адпраўлены экспедыцыйныя грузы. З Санкт-Пецярбурга на борце расійскага судна беларускія палярнікі адправяцца ў Антарктыку. Са снежня да сярэдзіны лютага (2,5 месяцы) будуць праведзены навуковыя даследаванні і работы па разгортванні амбулаторна-хірургічнага модуля. Вяртанне плануецца ў першай палове сакавіка.

Прэс-служба НАН Беларусі