17 сакавіка 2022 года адбыўся Агульны сход Савета маладых вучоных НАН Беларусі.
У мерапрыемстве, якое праходзіць у такім фармаце раз на тры гады, прынялі ўдзел прадстаўнікі Савета маладых вучоных аддзяленняў навук (1 дэлегат ад 25 маладых даследчыкаў), акадэмікі-сакратары, кіраўніцтва Акадэміі навук. Напярэдадні ва ўсіх аддзяленнях прайшлі справаздачныя сходы Саветаў маладых вучоных.
З дакладам «Аб выніках дзейнасці Савета маладых вучоных за 2021 год» выступіў намеснік старшыні СМВ Станіслаў Юрэцкі. Зроблена нямала. Сярод знакавых мерапрыемстваў, праведзеных СМВ у мінулым годзе, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь у навуцы – 2.0’21», Рэспубліканскі маладзёжны форум «Беларусь інтэлектуальная», Тыдзень адчыненых дзвярэй, серыя міждысцыплінарных Круглых сталоў па прарыўных напрамках навукі, Школа маладых вучоных, ІІІ Фестываль навукі – 2021, форум «Шлях у навуку», конкурс «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і інш. Традыцыйнай дзейнасцю для Савета ў 2021 годзе стала работа з сярэднімі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны, арганізацыя выступаў маладых вучоных НАН Беларусі з дакладамі і лекцыямі для адораных навучэнцаў у рамках спецыяльных змен Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубронак», правядзенне школ юных даследчыкаў. Аб сваёй дзейнасці даклалі старшыні Саветаў маладых вучоных аддзяленняў навук.
Другім пытаннем у парадку дня былі выбары. У выніку адкрытага галасавання старшынёй СМВ НАН Беларусі выбраны Станіслаў Юрэцкі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук. Адбыліся таксама выбары намеснікаў старшыні і вучонага сакратара СМВ НАН Беларусі: намеснікамі старшыні сталі Ягор Гусакоў, загадчык сектара Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК, і Дзмітрый Токальчык, навуковы супрацоўнік Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі; вучоным сакратаром выбрана Ганна Карпенка, навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.
Штогод шэрагі супрацоўнікаў Акадэміі навук папаўняюць 300-350 маладых спецыялістаў. Як адзначыў на пасяджэнні Агульнага сходу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «у цяперашні час у арганізацыях НАН Беларусі працуюць каля 2200 маладых даследчыкаў – вялікі творчы патэнцыял; сёння мы ставім перад навуковымі арганізацыямі вялікія і адказныя задачы, і маладыя не павінны стаяць убаку ад іх рашэння, яны мусяць актыўна ўключацца ў самыя апошнія, прарыўныя распрацоўкі – гэта база для іх навуковага росту». Кіраўнік НАН Беларусі заявіў, што СМВ НАН Беларусі правёў многа знакавых мерапрыемстваў, што гэта сур’ёзная арганізацыя, якая спраўляецца з адказнымі даручэннямі. «Мы ўскладаем на моладзь вялікія надзеі. Падтрымка маладых вучоных з’яўляецца прыярытэтнай у дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук», падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
На Агульным сходзе СМВ было абмеркавана таксама пытанне правядзення «Фестывалю навукі-2022», галоўным арганізатарам якога з’яўляецца Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Плануецца, што мерапрыемства традыцыйна адбудзецца ў верасні 2022 года. У мінулым годзе Фестываль навукі наведала каля 10 000 чалавек.
За актыўную работу многім маладым вучоным былі ўручаны Падзякі Савета маладых вучоных НАН Беларусі.