Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.05.2022

Пачаў работу XVI Мінскі міжнародны форум па цепламасаабмене

16 мая 2022 года пачаў работу XVI Мінскі міжнародны форум па цепламасаабмене – буйное міжнароднае навуковае мерапрыемства, якое раз на 4 гады арганізуе Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава.

У гэтым годзе ў форуме прымаюць удзел каля 230 дакладчыкаў, 160 з іх – замежныя даследчыкі. Форум прымеркаваны да 70-годдзя Інстытута і такіх знамянальных дат, як 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага вучонага Аляксея Лыкава і 90 гадоў з дня нараджэння Рэма Салаухіна, якія ў розныя гады кіравалі Інстытутам.

Форум прысвечаны вывучэнню розных аспектаў пераносу энергіі рэчыва ў такіх сістэмах, як энергетыка, касмічная тэхніка, атамная энергетыка, энергаэфектыўнасць, фазавыя пераходы і многія іншыя. Без гэтых працэсаў не можа існаваць ні адна галіна народнай гаспадаркі, што і абумоўлівае актуальнасць правядзення падобных мерапрыемстваў. Форум, які працаваў 16 – 19 мая, уключаў у сябе пленарныя пасяджэнні, работу секцый з вусным і стэндавым прадстаўленнем дакладаў (паведамленняў), круглыя сталы, лекцыі. Тэматыка мерапрыемства шматгранная і ахоплівае актуальныя навуковыя напрамкі: канвектыўна-радыяцыйны цеплаабмен, цепламасаперанос пры фазавых і хімічных ператварэннях, цепламасаперанос у энергетыцы і тэхналагічных працэсах. Былі абмеркаваны цеплавыя і транспартныя працэсы ў сістэмах з нана- і мікраструктурамі, высокатэмпературны цепламасаперанос, плазменныя сістэмы і тэхналогіі, цепламасаперанос у сістэмах сінтэзу новых матэрыялаў, тэрмарэгуляванне аптычных і электронных сістэм, мадэляванне і кіраванне працэсамі цепламасапераносу.

Сёння Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі – самая буйная рэспубліканская навуковая ўстанова, якая займаецца распрацоўкай энергаэфектыўных і экалагічна бяспечных тэхналогій і тэхнікі, апратаў і прыбораў для энергетыкі і машынабудавання, аграпрамысловага комплексу і будаўнічай індустрыі, медыцыны, хімічнай, электроннай, радыётэхнічнай, харчовай прамысловасці, касмічнай галіны.


Тэгi
#форумы