28 чэрвеня 2022 года ў НАН Беларусі адбыўся Круглы стол «Эканамічная навука Рэспублікі Беларусь ва ўмовах новых геаэканамічных рэалій».
У рабоце Круглага стала прынялі ўдзел вядучыя вучоныя-эканамісты, прадстаўнікі навуковых устаноў і ВНУ краіны. Інстытут эканомікі НАН Беларусі як старэйшая ў Рэспубліцы Беларусь навуковая арганізацыя эканамічнага профілю традыцыйна ў канцы чэрвеня праводзіць урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню эканаміста. Круглы стол быў арганізаваны ў рамках Міждысцыплінарнага навукова-даследчага кластара «Беларуская эканамічная школа». Гэты кластар быў створаны з мэтай мабілізацыі навуковага патэнцыялу краіны для рашэння актуальных тэарэтыка-метадалагічных і практычных задач у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Сусветная эканоміка становіцца іншай. Адбываецца разбурэнне ранейшай будовы свету, абвастрэнне супрацьстаяння паміж найбуйнейшымі эканомікамі свету, свядомае разбурэнне міжнародных ланцужкоў стварэння кошту пад выглядам санкцый, рэзкае ўзмацненне аднабаковага пратэкцыянізму. Гэтыя і іншыя фактары праз складаныя эканамічныя адносіны аказваюць непасрэдны ўплыў на шматлікія сацыяльна-эканамічныя працэсы ў свеце, у тым ліку ў нашай краіне. У гэтых умовах роля эканамічнай навукі істотна ўзрастае. Толькі глыбокі, навуковы падыход дазваляе сёння цвяроза ацаніць сітуацыю і вызначыць шляхі далейшага развіцця як макраэканомікі, так і эканомікі галін і прадпрыемстваў з улікам новых выклікаў і пагроз, абапіраючыся на нацыянальныя інтарэсы».
За актыўную работу ў рамках Міждысцыплінарнага навукова-даследчага кластара «Беларуская эканамічная школа» вучоным БДУ, БДЭУ і БНТУ былі ўручаны Ганаровыя граматы НАН Беларусі.
Штогод 30 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята – Дзень эканаміста, усталяванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №35 ад 2 лютага 2000 года.