Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.01.2023

У НАН Беларусі прайшоў сумесны семінар па біялагічных і медыцынскіх навуках з Саветам па навуковых і прамысловых даследаваннях Індыі (CSIR)

У развіццё дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту ў г. Нью-Дэлі беларускай дэлегацыі органаў дзяржаўнага кіравання ў лістападзе 2022 года (ад НАН Беларусі ўдзельнічаў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі С. А. Чыжык), рыхтуецца падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій паміж НАН Беларусі і CSIR. У мэтах напаўнення праграмы супрацоўніцтва на аснове названага пагаднення бакі дамовіліся аб правядзенні 4 сумесных семінараў: у галіне біямедыцынскіх, хімічных, фізічных і тэхнічных навук з удзелам арганізацый НАН Беларусі і CSIR, накіраваных на фарміраванне сумесных праектаў у перадавых галінах навукі.

19 студзеня 2023 года адбыўся першы з цыкла сумесных семінараў паміж арганізацыямі НАН Беларусі і Савета па навуковых і прамысловых даследаваннях Індыі (CSIR), прысвечаны біялагічным і медыцынскім навукам, удзел у якім прынялі больш за 40 навукоўцаў НАН Беларусі і CSIR. Бакі выступілі з дакладамі па перспектыўных для развіцця беларуска-індыйскага ўзаемадзеяння напрамках, а менавіта геноміцы і малекулярнай медыцыне, мікробных рэсурсах і біятэхналогіях, выкарыстання лекавых раслін пры стрэсах і дыябеце, таксікалогіі і інш.

Па выніках семінара дасягнута дамоўленасць аб сумеснай падрыхтоўцы праектных прапаноў у галіне біялагічных і медыцынскіх навук на ўзроўні канкрэтных выканаўцаў індыйскіх і беларускіх арганізацый.

Наступны сумесны семінар паміж арганізацыямі НАН Беларусі і CSIR, прысвечаны супрацоўніцтву ў галіне фізікі і IT-тэхналогій, запланаваны на 2 лютага 2023 года.