Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.04.2023

VII Кангрэс фізікаў Беларусі

26 красавіка 2023 года ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё VII Кангрэса фізікаў Беларусі, прымеркаванае да 110-годдзя акадэміка Б. І. Сцяпанава.

Форум, які арганізуецца НАН Беларусі, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытутам фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, ГА «Беларускае фізічнае таварыства» і Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў, праходзіць 26–28 красавіка 2023 г.

Як адзначыў падчас урачыстага адкрыцця Кангрэса першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, вынікі даследаванняў беларускіх фізікаў выклікаюць цікавасць і высока ацэньваюцца ва ўсім свеце. «Інстытут фізікі НАН Беларусі — гэта тая ўстанова, якая прыносіць вядомасць нашай краіне. У прыватнасці, у нас добра развіваюцца лазерная тэхніка і лазерныя тэхналогіі. Гэты напрамак працягвае актыўна ўдасканальвацца ў нас у краіне. Таксама адзначу, што працы нашых навукоўцаў-фізікаў добра цытуюцца, а таксама яны маюць вялікую колькасць узнагарод», — заявіў Сяргей Чыжык.

На Кангрэсе ўдзельнікі абмяркоўваюць пытанні развіцця фізікі ў нашай краіне, таксама гучаць даклады вядучых навукоўцаў і вядуцца дыскусіі аб павышэнні ролі фізікі ў жыцці грамадства. На форуме плануецца абмеркаваць шырокае кола фізічных пытанняў у наступных напрамках: фізіка фундаментальных узаемадзеянняў; лазерная фізіка і фатоніка; фізіка нанаструктур, цвёрдага цела і паўправаднікоў; фізіка плазмы; біяфізіка; фізіка і інфарматыка; выкладанне фізікі і падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці «фізіка».