Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.04.2023

У ЦНБ імя Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя кнігі «Вайна – трагедыя і памяць народа : расказваюць сведкі падзей : зборнік дыялектных тэкстаў»

Напярэдадні Дня Перамогі, 3 мая 2023 года ў 14:30 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі «Вайна – трагедыя і памяць народа : расказваюць сведкі падзей : зборнік дыялектных тэкстаў».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука». Праца падрыхтавана вучонымі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Публікацыя «Вайна – трагедыя і памяць народа : расказваюць сведкі падзей» — адно з асаблівых выданняў. У кнігу ўвайшлі тэксты — успаміны сведак падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941–1944 гг., адразу пасля вызвалення краіны, а таксама за яе межамі, але пераважна не на лініі фронту. Гэта гісторыі людзей, якія пабывалі ў канцлагерах або працавалі ў Германіі прыгоннымі ў сваіх гаспадароў.

Уся кніга напоўнена болем апавядальнікаў. Кожны іх успамін пра перажытыя жахі нельга ўспрымаць без суперажывання, слёз адчаю і непрыхаванага абурэння... Немагчыма і таму, што большасць аўтараў-апавядальнікаў у гады вайны былі дзецьмі.

Запрашаюцца ўсе ахвочыя!